Усе навіны

Трэнер «Віцебска» Юпатаў: «Абедзве каманды былі вартыя фіналу»

26 жніўня, 22:21

Галоўны трэнер «Віцебска» Раман Юпатаў пракаментаваў перамогу над «Брэстам» (4:1) у паўфінале Кубка Салея.

– Як дамагліся перамогі?

– Гульня была цяжкай, і абедзве каманды былі вартыя фіналу. «Брэст» – гэта добрая каманда, і яны мелі магчымасці забіць. Дзякуй суперніку за добры паўфінал, а таксама віншую нашых заўзятараў з выхадам у фінальную стадыю.

– Як вы рыхтаваліся да гэтага матчу? На маленькіх пляцоўках або сваю памяншалі?

– Дзякуй нашаму дырэктару за тое, што даў нам магчымасць трэніравацца ў Мінску.

– Гэта дапамагло?

– Пабачым заўтра. Сёння дапамагло.

– Добра ўваходзілі ў першы і другі перыяды, з галамі. Каманда так выдатна гуляла ці вы іх матывавалі?

– Калектыў працуе – гэта самае галоўнае. Так, добрыя галы, а галоўнае – патрэбныя. Можа, не зусім лагічныя, але яны нам дапамаглі. А там, дзе мы павінны былі забіваць, у нас не атрымлівалася.

– У вас было шмат кідкоў з любой зручнай пазіцыі. Быў на гэтым акцэнт?

– Канадская пляцоўка сама па сабе прымушае гульцоў думаць і дзейнічаць па-іншаму. Пляцоўка менш, такім чынам, дзесьці трэба праз барты гуляць, спрашчаць сваю гульню. Аднак, гэта не перашкодзіла гульцам знаходзіць сітуацыі, якія ўласцівыя вялікай пляцоўцы. Хлопцы – малайцы, рацыянальна згулялі.

– Яўген Саламонаў закінуў дзве шайбы ў важным матчы…

– Самы важны матч будзе заўтра. «Віцебск » другі раз у сваёй гісторыі выйшаў у фінал. Самае важнае адбывацца будзе там.

– Чакаеце заўтра ад яго галоў?

– Заўтра і паглядзім. Так, магчыма, гэты турнір недаацэньваюць, называюць «Кубкам Лета», але, давайце не забываць, што каманды ўжо два месяцы трэніруюцца. Я думаю, хтосьці ўжо і нагрузкі зменшыў перад гульнямі і рыхтуецца ўваходзіць у чэмпіянат. Два месяцы дастаткова, каб выбудаваць калектыў у плане гульні і ўсяго ўнутранага.

– Што скажаце пра «Шахцёр»?

– Добрая каманда. Да гэтага гулялі ў больш атакуючы хакей, а сёння, наадварот, у больш закрыты. Мы гатовыя да ўсяго, – пракаментаваў Юпатаў.