Усе навіны

Канстанцін Кальцоў: «Прыемна знаходзіцца ў складзе нацыянальнай каманды. Не скажу, што гэта складана, але праца цікавая»

17 снежня, 14:33

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Зоркамі і ВХЛ» (4:5).

– Няпросты матч для нас. Імкнуліся гуляць на атаку, з-за гэтага атрымлівалася вельмі шмат контратак. Рады, што хлопцы гулялі да канца і зраўнялі лік у канцы матча.

– Падвядзіце вынік выступу на турніры, які гэта досвед для вас, як для трэнера нацыянальнай каманды?

– Прыемна ў любым выпадку знаходзіцца ў складзе нацыянальнай каманды. Не скажу, што гэта складана, але праца цікавая. Атрымаў задавальненне, працуючы з хлопцамі.

– Не дагулялі гульню Мартынаў і Лісавец.

– У Лісаўца пашкоджанне пасля мінулага матчу супраць «Расіі 25», не змог выйсці на лёд. Мартынаў, мяркуючы па траўме, таксама выбыў на даволі доўгі час, каля трох тыдняў, а можа больш. Фалькоўскі таксама атрымаў пашкоджанне, па ім яшчэ невядома. Увогуле страты ў нас былі і ёсць.

– Чаму вырашылі выпусціць замест Шостака Паўла Майсевіча ў другім перыядзе? Наколькі задаволены яго гульнёй?

– Яшчэ ў пачатку турніру планавалі, каб згулялі ўсе варатары. Хацелі праверыць яго. Псіхалагічна яму, мусіць, было цяжка пасля двух хуткіх прапушчаных шайб, але потым ён глядзеўся выдатна, – сказаў Кальцоў.