Усе навіны

Дзмітрый Квартальнаў: «Маскоўскае «Дынама» закідвае смеццевыя шайбы, а мінскаму не даюць кінуць»

2 сакавіка, 20:44

Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў падзяліўся меркаваннем аб матчы з маскоўскім «Дынама» (1:4) у першым матчы 1/8 фіналу Кубка Гагарына.

– Супернік умее трываць, гуляць, даводзіць шайбу да варот, забіваць смеццевыя галы. У гэтым яны нас апярэджваюць. Трэба зрабіць высновы і ў гэтым быць лепей.

– Першы гол, прапушчаны на першай хвіліне, не зламаў план на гульню?

– Не. Вы потым бачылі лiк? Лiк быў 1:1. Мы прайгралі трэці перыяд, прайгралі ўкідванне ў сваёй зоне. Супернік блакіраваў кідкі, а мы – не. Два галы атрымаліся такімі, іх можна назваць смеццевым ці неяк яшчэ. Нам не давалі кідаць, а яны кідалі.

– Працэнт выйграных укідванняў – 39. Занадта мала для плэй-оф. Ці будзеце звяртаць на гэта ўвагу?

– Мы звярталі на гэта ўвагу. Трэба яшчэ і характар праяўляць. Пра ўкідванні ўжо сказаў, ключавыя моманты ўпусцілі. Хлопцы ўсё разумеюць. Супернік добры ў гэтым. Але нам трэба быць лепей.

– Шынкевіч выдаліўся два разы запар з інтэрвалам у некалькі секунд. Дасведчанаму гульцу нельга так. Казалі пра гэта?

– Мы наогул звярталі ўвагу, што маскоўскае «Дынама» па рэалізацыі большасці першая каманда ў рэгулярцы. Хлопцы ўсё разумелі. Але ёсць эмоцыі. Ілля- сапраўды ўсё разумее.

– Чатыры разы выстаялі ў меншасці. Так добра разабралі гульню суперніка?

– Нядрэнна згулялі. Разумеем, што ў наступнай гульні супернік таксама будзе нешта прыдумляць. Таму нам нельга дапушчаць такія простыя выдаленні.

– Калі ніжэй пасеяная каманда сустракаецца з вышэй пасеянай, важна разуменне, што можна здзейсніць сенсацыю, верыць у свае сілы. Вы пяты раз за сезон прайгралі маскоўскаму «Дынама». Гульні ў цэлым падобныя. Вы б'яцеся, ствараеце моманты, ідэальна гуляеце ў меншасці, але ўсё роўна трываеце крыўдную паразу. Не баіцеся, што гэта прыб'е веру ў свае сілы?

– Не. Усе хлопцы самалюбівыя. Згодзен, што нешта не атрымліваецца. Але гэта клас суперніка. Усё цудоўна разумею. Мы не можам забіць гол, калі трэба выявіць майстэрства. Гэта адно пытанне. Але мы можам блакаваць кідок, выйграць свой пятак. Гэта мы можам зрабіць і кантраляваць. У гэтым мы павінны стаць лепш, – сказаў Квартальнаў.