Усе навіны

Сяргей Пушкоў: «Я ў «Брэст» прыйшоў у канцы лістапада, у мяне было дастаткова часу, каб свае трэнерскія ідэі ўвасобіць у жыццё»

26 красавіка, 17:18

Галоўны трэнер «Брэста» Сяргей Пушкоў пракаментаваў выступ каманды ў мінулым сезоне Экстралігі.

– За кошт чаго ўдалося дасягнуць поспеху?

– За кошт камандных дзеянняў. Хлопцы з'ядналіся і зразумелі, што могуць дамагацца поспеху. Адбылося гэта ў канцы рэгулярнага чэмпіянату – у пачатку плэй-ін. Мае падапечныя прыйшлі да таго, што трэба задаць мэту і рухацца да яе. І ўнутры каманды панаваў настрой, што неабходна ісці ад матчу да матчу, паляпшаючы сваю гульню. Паўтаруся: дадзеная мэта згуртавала хлопцаў. І паставілі яны яе сабе самі. Вырашыўшы, што трэба не проста гуляць, а змагацца за самыя высокія месцы. Каманда паверыла ў сябе, што таксама вельмі важна.

– У які момант у падсвядомасці вы зразумелі, што каманда можа змагацца за самыя высокія месцы?

– Ведаеце, калі пачынаецца плэй-оф, то ўсе каманды стаяць на старце разам, незалежна ад турнірнага становішча ў рэгулярным чэмпіянаце. Самае важнае – быць псіхалагічна гатовым да гульняў навылёт. Калі ты пачынаеш выдаваць тое, што павінен і што было натрэніравана за пэўны перыяд, – тады прыходзіць вынік. І разумееш, што чым лепш ты робіш сваю справу, тым хутчэй прыходзіць поспех. Калі хлопцы б'юцца адзін за аднаго, гуляюць самааддана, то гэта таксама неацэнны фактар. Ключавым фактарам была псіхалагічная падрыхтоўка да матчаў, а не да сапернікаў.

– Самаадданасць «Брэста» бачылі ўсё. Каб гэта заўважыць – неабавязкова быць прафесіяналам у хакейнай вобласці.

– У такіх гульнях без гэтага проста нельга. Кожная памылка можа паўплываць на вынік матчу. Паглядзіце, колькі было авертаймаў і колькі матчаў скончыліся з розніцай у адну шайбу. Як бачым, тут вельмі высокая цана памылкі, якая можа змяніць гульню ў той ці іншы бок.

– Ці дапамагло вам тое, што некаторыя хакеісты «Брэста» раней гулялі пад вашым кіраўніцтвам?

– Безумоўна. Калі ты прыходзіш у новы калектыў, але пры гэтым ведаеш якасці некаторых хлопцаў, з якімі раней працаваў, то гэта моцна дапамагае.

– Якія моманты ў плэй-оф вам найбольш запомніліся?

– Насамрэч такіх момантаў было шмат. Асабліва ў памяць ўразаюцца тыя эпізоды, калі ты пераадольваеш цяжкасці. Прыкладам можа служыць матч з «Шахцёрам», калі нам удалося выстаяць меншасць у фармаце 3 на 5. Ну і, вядома ж, запамінаюцца перамогі – калі пасля фінальнай сірэны разумееш, што мы зрабілі крок наперад.

– Ці ўскладняла сітуацыю тое, што каманду вы прынялі пасярод сезона і ў вас не было магчымасці правесці з ёй перадсезонку?

– Не, у гэтым плане ў мяне складанасцяў не ўзнікла. Я ў каманду прыйшоў у канцы лістапада, і ў мяне было дастаткова часу, каб свае трэнерскія ідэі ўвасобіць у жыццё, – распавёў Пушкоў.