Tribuna/Хакей/Блогі/Як гульцы зборнай Беларусі «начавалі» ў распранальні за тое, што прагулялі расіянкам. Гісторыя – цалкам фэйк, але як лёгка ў такое паверыць

Як гульцы зборнай Беларусі «начавалі» ў распранальні за тое, што прагулялі расіянкам. Гісторыя – цалкам фэйк, але як лёгка ў такое паверыць

Сенсацыя, якой не было.

Аўтар — bytribuna com
8 лютага 2023, 18:57
Як гульцы зборнай Беларусі «начавалі» ў распранальні за тое, што прагулялі расіянкам. Гісторыя – цалкам фэйк, але як лёгка ў такое паверыць

У аўторак у Астане завяршыўся турнір Eurasia Jastar Cup, у якім удзельнічалі юніёрскія зборныя Беларусі U-18, Казахстана U-18 і Расіі U-16, а таксама жаночая нацыянальная зборная Расіі. Беларускія хакеісты сталі другімі, абгуляўшы казахаў з лікам 4:2, але саступіўшы 15-гадовым расіянам 1:3. Жаночая зборная ўдзельнічала па-за конкурсам. Аднак гэты турнір для беларускай публікі запомніўся не выніковым рэзультатам, а гісторыяй, у якую ўсе адразу паверылі, але па выніку яна аказалася выдуманай.

Паралельна з асноўнай праграмай Eurasia Jastar Cup прайшоў міні-турнір па хакеі 3х3. У матчы за трэцяе месца беларуская зборная сенсацыйна саступіла жаночай зборнай Расіі 0:1.

«Расіянкі малайцы: пасля забітага гола сышлі ў абарону, вельмі добра адпрацавалі ля сваіх варот. І варатар суперніц, вядома, злавіла кураж. Нажаль, нам не атрымалася яе прабіць, нягледзячы на тое, што мы і гулялі чатыры на тры, і валодалі шайбай, і кідалі па варотах, і дабівалі. Для нашых хакеістаў такая гульня павінна стаць нагодай пераасэнсаваць сваё стаўленне да справы. Спадзяюся, пасля гэтага матчу хлопцы зробяць правільныя высновы», - тлумачыў паразу галоўны трэнер Беларусі U-18 Дзмітрый Шульга.

На наступны дзень пасля матчу расійскае выданне "Спорт-Экспрэс" апублікавала быццам бы працяг гісторыі з паразай ад жанчын. Заклікі Шульгі да падапечных «пераасэнсаваць сваё стаўленне да справы» і зрабіць «правільныя высновы» нібыта атрымалі выраз у тым, што коуч пакінуў начаваць сваіх гульцоў у распранальні «Барыс-Арэны». Навіна пра незвычайны ўчынак, што прыпісваецца трэнеру беларускай юніёркі, па-ранейшаму вісіць на сайце "СЭ".

У той жа дзень беларусы і расіянкі зноў выйшлі разам на лёд, але ўжо ў класічным фармаце. На гэты раз хакеісты Шульгі аказаліся мацнейшымі з лікам 12:0.

«Як пасля ўчорашняй паразы ад расіянак настройваліся на гульню? Мне здаецца, нам не трэба было настройвацца. Усё было зразумела. Хлопцы ўсё разумелі, нікога прымушаць не трэба было», - распавёў Шульга пасля перамогі.

Што тычыцца "начнога" інцыдэнту, то коуч выступіў з абвяржэннем. Паводле яго слоў, пасля няўдачы каманда адправілася на вячэру ў гатэль, дзе ў поўным складзе і правяла ноч.

«Ну, канешне, гэта няпраўда. Прапанова цікавая, будзем мець на ўвазе. Хаця гэта не наш метад. Зразумела, што рэзультат нас не задаволіў, і хлопцы былі расчараваныя і паніклыя. Бываюць матчы, пасля якіх не хочацца нічога, нават пераапранацца. Але гэта ж не нагода начаваць на арэне», - заявіў трэнер.

Хакейныя крыніцы "Трыбуны" ў адзін голас абвяргаюць інсайд "СЭ". Суразмоўцы сцвярджаюць, што такія метады не ўласцівыя Шульгу. Акрамя гэтага адразу дзве крыніцы, набліжаныя да юніёрскай зборнай, канстатуюць, што навіна - проста фэйк. Такога проста не было. Зрэшты, у сённяшняй Беларусі лёгка верыцца нават у самыя вар'яцкія небыліцы.

Чым вядомы Шульга

Прафесійную кар'еру ў хакеі пачаў у 17-гадовым узросце, калі пасля выпуску са школы «Юнацтва» за сезон-1993/94 паспеў пагуляць і за родную каманду, і за «Цівалі». За апошніх нападнік нават правёў два матчы ў Міжнацыянальнай хакейнай лізе - спаборніцтве, дзе пасля распаду СССР гулялі найлепшыя клубы Беларусі, Казахстана, Латвіі, Расіі і Украіны. Ужо на той момант беларус знаходзіўся на алоўку заходніх скаўтаў, таму ўлетку 1994-га выйшаў на драфт НХЛ. У сёмым раундзе пад 162-м пікам Шульгу абраў «Эдмантан».

Вось толькі форварду было не наканавана пагуляць за акіянам. У тым жа 1994-м Зміцер перайшоў у ЦСКА, дзе больш выступаў за другую каманду. Праз два гады Шульга на сезон вярнуўся ў «Юнацтва», каб потым важкі кавалак кар'еры правесці ў чалябінскім «Мечале» і екацярынбургскім «Дынама-Энергіі». Усяго ў наймацнейшай расійскай лізе беларус нагуляў 157 матчаў, набраўшы 27 (13+14) ачкоў.

У 2003-м, калі Шульгу было 27, ён ізноў прыехаў у чэмпіянат Беларусі, каб правесці тут рэшту гульнёвай кар'еры. За дзесяць сезонаў у шэрагах «Кераміну» і «Шахцёра» нападнік нарэшце стаў чэмпіёнам краіны (у 2008-м з «Керамінам») і выйграў Кубак (у 2009-м з «Керамінам»). Таксама Шульгу часам выклікалі ў зборную Беларусі, за якую ён правёў шэсць матчаў і зарабіў два асісты.

Трэнерскую кар'еру Шульга пачынаў у сістэме "Шахцёра". Першыя два сезоны ўзначальваў другую каманду Салігорска, пакуль у сезоне-2018/19 яму не даверылі першы склад «гарнякоў». З ім Шульга адпрацаваў усяго год, прывёўшы "Шахцёр" да бронзы. Такі вынік кіраўніцтва клуба не задаволіў. З коучам не сталі падаўжаць дамову, растлумачыўшы рашэнне тым, што той не быў гатовы працаваць з камандай экстралігі, а пасля фарма ў яго «не хапіла псіхалагічнай сумяшчальнасці» з дарослымі хакеістамі.

Аднак надоўга Шульга без працы не застаўся - ужо праз тры тыдні яго прызначылі кіраваць зборнай Беларусі U-17. З таго часу спецыяліст працуе ў пірамідзе зборных. Пазней, пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020, Шульга падпісаў ліст у падтрымку рэпрэсій.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты