Усе навіны

Уладзімір Зяленскі: «Запрашаю спадара Баха ў Бахмут, каб ён убачыў на свае вочы, што нейтральнасці не існуе»

27 студзеня 2023, 22:05

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на магчымае вяртанне расіян і беларусаў на міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы.

Раней Міжнародны алімпійскі камітэт выступіў з заявай аб магчымым зняцці міжнароднага бана з беларускіх спартсменаў, калі яны не выказвалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Не бывае нейтральнасці, калі ідзе такая вайна. І мы ведаем, як часта тыраніі спрабуюць выкарыстоўваць спорт дзеля сваіх ідэалагічных інтарэсаў. Відавочна, што любы нейтральны сцяг расійскіх спартсменаў заплямлены крывёй.

Нельга не быць расчараваным заявамі дзейнага старшыні Міжнароднага алімпійскага камітэта. Не раз з ім размаўляў і так і не пачуў, як ён збіраецца абараняць спорт ад прапаганды вайны, калі верне расійскіх спартсменаў у міжнародныя спаборніцтвы.

Мы зробім усё, каб свет абараніў спорт ад палітычнага і любога іншага ўплыву дзяржавы-тэрарыста, які проста непазбежны, калі расійскія спартсмены будуць удзельнічаць у спаборніцтвах. І тым больш - у парыжскай Алімпіядзе.

Украінскія спартсмены змушаныя абараняць жыццё сваіх блізкіх і волю нашага народа ад расійскай агрэсіі. Расійскія ўдары панеслі жыцці сотняў і сотняў украінцаў і ўкраінак, якія маглі ўзбагаціць сусветны спорт сваім талентам.

Запрашаю спадара Баха ў Бахмут, каб ён убачыў на свае вочы, што нейтральнасці не існуе», - сказаў Зяленскі.