Усе навіны

Анатоль Котаў: «Максімальная сума, якую атрымлівала Беларусь ад МАК, – да мільёна долараў у год»

26 чэрвеня, 18:18

Экс-генеральны сакратар НАК, а зараз кіраўнік міжнароднага дэпартамента Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў у інтэрв'ю парталу «Зеркало» расказаў пра фінансавыя страты алімпійскага камітэта Лукашэнкі пасля ўведзеных санкцый.

– Вы працавалі ў НАК і, напэўна, можаце прыадчыніць унутраную кухню. Пра якія фінансавыя страты з-за санкцыяў ідзе гаворка?

– У выпадку з НАК, як мінімум, трэба казаць аб 70-75 тысячах доалараў у год. Яны выдзяляліся Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у фармаце гранта на аперацыйныя выдаткі, працу адміністрацыйнага персаналу.

НАК мог выкарыстоўваць грошы па сваім меркаванні. Накшталт невялікая сума, але гэта былі фактычна гарантаваныя выплаты. Гэта значыць, Беларусі для іх атрымання не патрабавалася прыкладаць намаганняў. Усё пачыналася з 40 тысяч, але паступова памер гранта вырас.

–Ці можна было разлічваць на больш вялікія сродкі?

– Так, пад праектнае фінансаванне. Максімальная сума, якую атрымлівала наша краіна, – да мільёна долараў у год. Для гэтага трэба было актыўна ўдзельнічаць у праграмах МАК. Праўда, апошнія гады НАК паводзіў сябе менш ініцыятыўна, таму паступала менш сродкаў.

Раней, напрыклад, нямала грошай атрымаў беларускі баскетбол. Гэта былі розныя праекты: і падтрымка трэнерскіх кадраў, і дапамога жаночай нацыянальнай зборнай. Праз НАК нашай федэрацыі баскетбола выдзелілі некалькі сотняў тысяч долараў.

Асноўная частка праектаў насіла значна менш аб'ёмны характар. Скажам, выпуск алімпійскіх дзённікаў ці паляпшэнне алімпійскай адукацыі. Сумы былі ад 15 да 25 тысяч. Іншая справа, што колькасць такіх ініцыятыў па праграме салідарнасці МАК не абмяжоўваў – заахвочвалася актыўнасць. Але грошы маглі быць патрачаныя строга на заяўлены праект.

– НАК пазбавіўся грошай пасля пачатку вайны?

– Не, значна раней – пасля ўсіх падзей у Беларусі ў 2020 годзе. У канцы 2020 – пачатку 2021 гадоў выплаты спыніліся. І гэта паказальны момант: калі ў нас функцыянеры скардзяцца на палітыку і гэтак далей, то яны хітруюць.

У спорце санкцыі маюць аб'ектыўны характар – яны ўводзяцца не з-за прэсы або лістоў Фонду спартыўнай салідарнасці, які можа сістэматызаваць інфармацыю, а як рэакцыя на недапушчальныя дзеянні. Гэты ціск на атлетаў, пазбаўленне месца ў нацыянальнай камандзе з-за пазіцыі.

Можна ўзгадаць трэнера па лёгкай атлетыцы Юрыя Майсевіча, які прымушаў Крысціну Ціманоўскую да ад'езду ў Беларусь, за што яго пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі, – сказаў Котаў.