Усе навіны

Міністр спорту і прэзідэнт НАК Украіны Гутцайт: «Спадзяемся, што МАК заблакуе ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях»

11 ліпеня, 11:52

Міністр моладзі і спорту Украіны прэзідэнт НАК Вадзім Гутцайт расказаў, што можа паўплываць на МАК у пытанні нядопуску да спаборніцтваў расіян і беларусаў.

– Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) 22 чэрвеня 2023 г. прыняла рэзалюцыю з рэкамендацыяй Міжнароднаму алімпійскаму камітэту не дапусціць расійскіх і беларускіх атлетаў на Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Парыжы нават пад нейтральным сцягам. Што можа паўплываць на Міжнародны алімпійскі камітэт, каб не дапусціць расіян і беларусаў да Алімпіяды-2024?

– Я вельмі ўдзячны Парламенцкай асамблеі за яе рашэнне і ўдзячны Пастаяннай дэлегацыі Вярхоўнай Рады Украіны ў ПАРЕ, што аб'ядналі Савет Еўропы.

Хаця гэта і рэзалюцыя, якая носіць рэкамендацыйны характар, але за яе галасуюць канкрэтныя дэпутаты, якія прадстаўляюць уласныя нацыянальныя парламенты. Гэта пацвярджае сапраўдную пазіцыю сябраў Рады Еўропы.

Я чакаю, што дэпутаты нацыянальных парламентаў па вяртанні дадому будуць фармаваць грамадскую думку сярод сваіх выбаршчыкаў і спартыўнай грамадскасці.

Любы патэнцыйны ўдзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях павінен быць заблакаваны, пакуль ідзе вайна ва Украіне. Іх не павінна быць ні пад якім сцягам, ні пад нейтральным, ні пад якім іншым.

Мы спадзяемся, што справядлівасць пераможа – і Міжнародны алімпійскі камітэт прыме справядлівае рашэнне, зыходзячы з пазіцый Алімпійскай хартыі і бяспекі спартсменаў, - сказаў Гутцайт.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.