Усе навіны

Ціханоўская пра беларускіх спартсменаў да Алімпіяды: «Чаму тыя, хто падтрымліваюць Лукашэнку, могуць мець такую магчымасць?»

18 кастрычніка, 13:06

Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская выказалася наконт беларускіх спартсменаў на Алімпіядзе ў Парыжы.

– Рашэнне МАК адмовіць Беларусі ва ўдзеле ў Алімпіядзе 2024 года вы падтрымліваеце?

– Натуральна. Беларусы, якія падтрымалі беларускае дэмакратычнае грамадства, якія выступілі супраць сфальсіфікаваных выбараў і вымушаныя былі з’ехаць, не маюць магчымасці працягваць сваю кар’еру, бо іх проста выгналі з краіны.

Чаму тыя, хто падтрымліваюць Лукашэнку, агрэсара, які душыць свой народ, могуць мець такую магчымасць? Лукашэнка выкарыстоўвае спартсменаў у сваёй палітычнай гульні для легітымізацыі свайго рэжыму.

– А ўдзел у Гульнях зборнай спартсменаў пад БЧБ-сцягам не абмяркоўвалі?

– Абмяркоўвалі, каб свабодныя спартсмены, як мы іх называем, маглі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Гэтым займаецца наш Фонд спартыўнай салідарнасці. Калі будзе неабходнасць падтрымаць такое рашэнне, калі яно ўвогуле будзе прынятае, то, вядома, мы падтрымаем, – сказала Ціханоўская.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.