Усе навіны

Iвулiн пра затрыманне Nizkiz: «Летась моцна здзівіўся, што яны застаюцца ў Беларусi, але гэта ўласны выбар дарослых людзей»

6 студзеня, 16:32

Беларускі журналіст Аляксандр Івулін у сваiм Instagram пракаментаваў затрыманне «сілавікамі» Лукашэнкі трох удзельнікаў гурта Nizkiz.

«Летась выпадкова апынуўся на канцэрце Nizkiz у Лімасоле.

Пасля выступу ў галаве была адна думка: калi б усё было па правілах, тады замест маленькага клуба на Кіпры гэтыя хлопцы лёгка збіралі б стадыёны.

Паціснулі рукі, крыху пабалбаталі. Калі шчыра, моцна здзівіўся, што амаль усе ўдзельнікі гурта застаюцца ў Магілёве.

– Ох, рабятушкі, беражыце сябе.

– Саш, ты таксама.

Атрымалася так сабе.

Відавочна, рэліз новага альбома, над якім працавалі пацаны, адкладаецца на салідны тэрмін.

Зараз менш за ўсё хочацца вінаваціць хлапцоў у інфантылізме. Гэтага хапае і ў Твітары, і ў Фэйсбуку, дзе шмат хто павёўся на прапагандысцкі наратыў пра «раптоўнае вяртанне». Разумею эмоцыі, але гэта ўласны выбар дарослых людзей.

Я ж папрашу тых, хто чытае гэты тэкст, не забываць пра салідарнасць і ўласную бяспеку. Тры галоўныя пойнты:

– «Палочно-галочная» рэпрэсіўная сістэма не думае спыніцца. Асабліва ў гэты год якасці.

– Ніякія дамоўленасці не працуюць.

– Не трэба вам гэты зонаўскі досвед.

Сіл хлопцам. У краіне па-ранейшаму «Небяспечна», – напісаў Івулін.