Усе навіны

Сяргей Кавальчук: «Фармат Алімпіяды сябе зжывае. Розумы людзей будуць займаць спартакіяды»

22 лютага, 08:56

Так званы міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук падзяліўся меркаваннем наконт актуальнасці Алімпійскіх гульняў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Фармат Алімпіяды, мне здаецца, ужо сябе патроху зжывае. Паглядзіце: ніхто асоба не хоча браць на сябе яе правядзенне.

Гледзячы на тыя працэсы, якія сёння адбываюцца ў свеце, выкажу сваё меркаванне: мусіць, не такія вялікія праекты неўзабаве будуць больш займаць розумы людзей, а лакальныя спартакіяды.

Аснова ўжо прыдумана нашымі братамі расіянамі, а напоўніць начынку мы маглі б не горш, паколькі гэты напрамак у нашай краіне развіты, – сказаў Кавальчук.

На думку Кавальчука, Алімпійскія гульні могуць замяніць, напрыклад, Гульні будучыні, якія праходзяць у Казані з 21 лютага па 3 сакавіка. Паводле яго слоў, турнір можа прыняць і Беларусь. Усяго ў спаборніцтвах 2 тысячы спартсменаў са 107 краін.