Усе навіны
Photo

Па просьбе Сныцінай у Лондане і Берліне прайшлі акцыі ў падтрымку сузаснавальніка SOS BY Гнёта ля амбасад Сербіі

7 сакавіка, 23:45
1

7 сакавіка ў Лондане і Берліне ля сербскіх амбасад прайшлі акцыі ў падтрымку сузаснавальніка Свабоднага аб'яднання спартсменаў (SOS BY) Андрэя Гнёта, які быў затрыманы ў 2023 годзе ў Сербіі па запыце беларускага рэжыму.

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна, якая ініцыявала акцыю лонданскай дыяспары, пракаментавала пікет.

«Сёння адбылася акцыя ў Лондане каля сербскай амбасады ў падтрымку Андрэя Гнёта, арыштаванага ў Белградзе амаль 4 месяцы таму па запыту беларускай улады праз Інтэрпол.

Экстрадыцыя Андрэя будзе лічыцца парушэннем правоў чалавека, бо ў Беларусі яго чакае палітычная справа і турма з катаваннямі. А калі ў краіне экстрадыцыі гэта чакае палітвязня, то Сербія не мае права гэта рабіць. І менавіта пра гэта сёння мы нагадалі сербам.

Такая ж акцыя прайшла сёння ў Берліне!

Таксама пры ўдзелу «Руха беларускіх нацыяналістаў» па Белградзе вісяць плакаты з інфармацыяй пра гэты кейс, плюс створана петыцыя ў падтрымку Андрэя. Далучайцеся!» – напісала Сныціна ў сваім інстаграме.

Падрабязная інфармацыя па петыцыі – тут.

Гнёт утрымліваецца ў турме Бялграда з 30 кастрычніка 2023 года. Ён быў затрыманы пасля прылёту ў сталіцу Сербіі ў аэрапорце з-за таго, што беларускі рэжым унёс у базу Інтэрпола ордэр на Гнёта па абвінавачанні ў нібыта ўхіленні ад выплаты падаткаў. Падобныя абвінавачванні неаднаразова станавіліся фармальнай нагодай для памяшчэння за краты да «суда» беларускіх палітвязняў.

19 лютага Апеляцыйны суд Сербіі разгледзеў справу аб экстрадыцыі Гнёта. Працэс скончаны, суд мусіць прыняць рашэнне на працягу 20-30 дзён.

Абарона Гнёта лічыць яго пераслед палітычна матываваным. 3 лістапада 2023 года юрыстам затрыманага быў пададзены запыт на выдаленне даных, якія тычацца Гнёта, у Камісію па кантролі файлаў Інтэрпола, а 20 снежня 2023 года быў накіраваны запыт па прыняцці часовых мер у Еўрапейскі суд па правах чалавека з просьбай указаць ураду Сербіі не экстрадаваць Гнёта ў Беларусь.

Гнёт – беларускі журналіст, рэжысёр, палітычны актывіст. Ягоная дзейнасць у SOS BY не афішавалася публічна, аднак у чэрвені 2021-га Гнёт атрымаў сігнал, што беларускаму рэжыму вядома пра яе і іншую пратэстную актыўнасць, пасля чаго пакінуў Беларусь. З-за таго, што SOS BY абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем», Гнёту ў Беларусі за сам факт стварэння абʼяднання пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.