Усе навіны

Супрацоўніцу жлобінскага СДзЮШАР звольнілі па артыкуле, аднак яна адсудзіла ў працадаўцы кампенсацыю

27 красавіка, 13:22

У чэрвені 2023 года жлобінская раённая СДзЮШАР звольніла супрацоўніцу кадравага аддзела «за невыкананне працоўных абавязкаў». Спецыялістка не пагадзілася з пастановай працадаўцы і пайшла ў суд, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на Вярхоўны суд Лукашэнкі.

Жанчыну, якая працавала інспектарам па кадрах, звольнілі «за невыкананне без паважных прычын працоўных абавязкаў работнікам, якія маюць нязнятае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне».

Адзін з вымоў, быў накладзены за «самавольнае адабранне» супрацоўніцай з сейфа ў кабінеце інспектара па кадрах сваёй уласнай працоўнай кніжкі. Таксама на працоўным кампутары жанчыны не аказалася справаздачнасці, статыстычнай дакументацыі, загадаў па ўстанове, лістоў-данясенняў па воінскім уліку. Суд вырашыў, што пакаранне ў выглядзе вымовы не адпавядае цяжару ўчыненых супрацоўніцай СДЮШАР дзей, І прызнаў гэта спагнанне незаконным.

Другі вымову супрацоўніца атрымала за «парушэнне службовай інструкцыі», аднак не было напісана, у чым менавіта заключалася гэтая правіна. Не было апісання правіны і ў дакладной запісцы, якая стала падставай для накладання вымовы. Гэтую вымову суд таксама прызнаў незаконнай.

Яшчэ з адным спагнаннем супрацоўніцу наймальнік не азнаёміў ва ўстаноўлены законам пяцідзённы тэрмін. І гэтае спагнанне суд таксама прызнаў незаконным, паколькі работнік, не азнаёмлены з загадам аб дысцыплінарным спагнанні, лічыцца не маючым дысцыплінарнага спагнання.

Такім чынам суд пастанавіў аднавіць спецыялістку на працы на ранейшай пасадзе, скасаваць незаконна вынесеныя дысцыплінарныя спагнанні, спагнаць з адказчыка на яе карысць сярэдні заробак за час вымушанага прагулу сумай 1 074,2 рубля.

Пазоўніца прасіла пакрыць ёй маральную шкоду, якую яна ацаніла ў 10 000 рублёў. Суд задаволіў яе патрабаванне, аднак знізіў памер кампенсацыі да 600 рублёў.