Усе навіны

Экс-супрацоўнік «МЗС» Мацукевіч пра пошук лыжаролерных чаравікаў для Лукашэнкі: «Давялося імчацца 4 гадзіны ў адзіную краму»

10 лютага, 18:36

Былы часова павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч распавёў, як Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў дыпламатаў для пошуку лыжаролерных чаравікаў.

«Найбольш цікавы выпадак у маёй дыпламатычнай практыцы быў звязаны са «спецаперацыяй» па куплі лыжаролерных чаравік для Лукашэнкі. Прама не гаварылася, што чаравікі прызначаныя для яго, але іншых варыянтаў быць не магло.

Відаць, чаравікі шукалі па ўсёй Еўропе. Мне ў Швейцарыю гэтая задача паступіла з «МЗС», патэлефанаваў дарадца Уладзіміра Макея. Мелася фота, кідаўся ў вочы вельмі вялікі памер, з-за якога нагу называюць лыжай. Мадэль, якую шукалі, ужо была знятая з вытворчасці.

Я даручыў заняцца пошукамі свайму консулу Уладзіславу Сахашчыку. Ён адправіў веерам запыт на электронныя адрасы ў некалькі сотняў магазінаў па ўсёй краіне. Станоўчы адказ прыйшоў з маленькай крамы ў Давосе.

Паведамляю ў МЗС, што чаравікі ў Давосе, а гэта каля 4 гадзін язды ў адзін бок. Ад Макея прылятае ўказанне тэрмінова забраць чаравікі і вырашыць пытанне дастаўкі ў Мінск у бліжэйшыя дні. Прыйшлося імчацца ў Давос.

Тады з Мінска ў Жэневу лётаў самалёт«Белавія». Было вырашана адправіць чаравікі ў Мінск у кабіне пілотаў. МЗС (або служба бяспекі Лукашэнкі) звязаўся з кіраўніцтвам «Белавія», а то папярэдзіла пілотаў найбліжэйшага рэйса ў Жэневу. У аэрапорт за 160 км адправіўся консул і перадаў чаравікі прама ў самалёт, а адразу па прылёце таксама прама з самалёта іх забралі і даставілі адрасату, які фармальна нідзе і ніяк не фігураваў», – распавёў Мацукевіч.