Усе навіны

Леся Цурэнка: «Мяне замілоўвае, калі кажуць, што спорт па-за палітыкай. Толькі адзін гулец за ўвесь час падышоў са слязамі на вачах і папрасіў прабачэння»

13 чэрвеня, 15:15

Украінская тэнісістка Леся Цурэнка ў інтэрв'ю «Зеркалу» выказалалася пра беларускіх калег.

– На «Ралан Гарос» некаторыя гледачы асвіствалі ўкраінскіх тэнісістак за адмову паціскаць рукі беларускам і расіянкам пасля матча. Чаму?

– У Еўропе не ўсе да канца разумеюць, што адбываецца. Гэта вайна, за якую кожны ўкраінец, беларус і расіяне нясе адказнасць. Вайна паміж сваякамі, былымі сябрамі. Вайна, якая не магла прысніцца нават у самым кашмарным сне. Ёсць жа выпадкі, што сын ваюе сёння супраць бацькі. Ці сын бамбіць горад, дзе жыве яго мама. Страшна… І мяне так замілоўвае, калі кажуць, што спорт па-за палітыкай!

– У Беларусі спартыўныя функцыянеры любяць гэта паўтараць.

– Ведаеце, я таксама не ў стане спыніць вайну сваімі выказваннямі. Гэта праўда. Магу толькі ўносіць зерне ў перамогу маёй краіны. Напрыклад, інфармаваць навакольных пра вайну. Магчыма, мае інтэрв’ю здольныя данесці да некаторых расіян і беларусаў праўду пра тое, што адбываецца. То-бок існуе шэраг рэчаў, якія магу зрабіць па максімуме. І як украінка нясу адказнасць за ўсе падзеі. Чаму іншыя так не робяць? Напэўна, гэта нялёгка – прызнаць, што і я адказваю за тое і тое. Прасцей лайкаць прапагандыстаў, жыць ранейшым жыццём і казаць: «Я тут ні пры чым».

– Што могуць зрабіць сёння беларускія тэнісісты ў падтрымку Украіны?

– А вы ім задавайце гэтае пытанне, а не ўкраінцам. Хай яны сядуць, падумаюць. Напэўна, ужо прайшло дастаткова часу, каб для сябе нешта вырашыць. Мы, тэнісісты, з самага пачатку хацелі бачыць, што ў людзей прысутнічае чалавечнасць. Урэшце ўсё зводзіцца да чалавечых адносін. На гэтым пабудаваны свет, хто каму што сказаў, што зрабіў. Толькі адзін гулец за ўвесь час падышоў са слязамі на вачах і папрасіў прабачэння. Што да іншых, то мне было складана бачыць абыякавасць і з боку кіраўніцтва WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя), якое забараніла нам зрабіць прэзентацыю для еўрапейцаў, амерыканцаў пра тое, што адбываецца ва Украіне, і з боку гульцоў. Тэнісісты чамусьці элементарна не маглі сказаць, што супраць вайны. Адводзілі вочы. Гэта было балюча. Тым больш раней з некаторымі беларусамі і расійцамі вельмі добра камунікавала.

– Маўчаць пра вайну праз страх за родных у Беларусі – гэта важкая прычына, каб не выказвацца?

– Шмат чула пра сітуацыю ў Беларусі. З цяжкасцю ўяўляю, як можна жыць у такой краіне. Не люблю судзіць людзей, не хачу. Але задумвалася пра гэта мільён разоў… Прабачце, які ёсць яшчэ варыянт спыніць вайну ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі? Што рабіць? Бо калі ўсе будуць маўчаць, то нічога не зменіцца. У такой сітуацыі топавыя гульцы, якія маюць мільённыя аўдыторыі, могуць даносіць важныя мэсэджы, каштоўнасці. Адмаўляць, што вядомыя спартсмены, селебрыці ўплываюць на думкі людзей, – глупства. І калі знаходзішся на тэніснай вяршыні, у цябе ёсць магчымасць зрабіць трохі больш у гэтым жыцці, чым проста перабіваць мяч і выйграваць матчы. Так, класна, калі ты добра гуляеш у тэніс, але ў адзін момант прачынаешся і ўсведамляеш: «Я здольны дапамагчы, паўплываць на нешта ў лепшы бок». Магчымасць зрабіць свет лепшым – велізарная сіла. Усведамленне гэтага дазваляе зрабіць першыя крокі для дасягнення зменаў.

– Гучыць лагічна, але ў рэальным свеце многія вядомыя беларускія спартсмены выбралі маўчанне.

– Вельмі хачу, каб у беларусаў была свабодная краіна. Каб вы не жылі як у канцлагеры. У шоку, што ў вас нельга сказаць тое, што думаеш! А як гэта змяніць несілавым шляхам, я не ведаю. Бачыла ва Украіне Майдан, калі людзі тысячамі проста рушылі напралом. Іншага варыянту не знаходжу.

– Якія ў вас былі мэты ў тэнісе да вайны?

– Люблю гэты від спорту. Ніколі не выступала дзеля прызавых, рэйтынгу. Бацькі трапілі ў дзясятку, калі прывялі мяне ў секцыю. Тэніс адразу спадабаўся. Таму шмат гадоў галоўным было рэалізаваць любоў да гульні. А цяпер, як ужо казала, іншая мэта. Думаю, вышэйшая. Гуляю, каб мець магчымасць дапамагаць Украіне, - сказала Цурэнка.