Усе навіны

Вера Лапко: «Са здароўем усё складана, наладжваю кантакт з уласным «Я»

29 верасня, 13:17

Беларуская тэнісістка Вера Лапко, якая займае 471-е месца ў рэйтынгу WTA, сёння святкуе дзень нараджэння. З такой нагоды яна апублікавала ў інстаграме пост, у якім адказала на пытанне заўзятараў: калі тэнісістка зноў працягне гуляць?

– Зараз усё вельмі складана са здароўем і крыху пазней я раскажу чаму. Але зараз большага сказаць не магу.

Што наконт ДР: лічба прыгожая – 25 гадоў, юбілей нават нейкі. Нехта кажа, што яшчэ маладая, нехта: о, табе ўжо 25! Ну а самае галоўнае - тое, як ты сам сябе адчуваеш у гэтым узросце. За апошні час з усімі намі здарылася шмат розных падзеяў, і я адчуваю, як моцна яны на мяне паўплывалі. А яшчэ зрабілі мяне больш дарослай і моцнай. За гэты год я пазнала сябе з зусім іншага боку, і мне вельмі цікава, што чакае мяне далей.

Мне здаецца, што цяпер я наладжваю кантакт з уласным «Я», са сваёй унутранай часткай... і гэта дае мне спакой і адчуванне ўнутранай свабоды. Гэта вельмі каштоўна для мяне. Я шаную гэтую свабоду перад самой сабой, – напісала Лапко.

Спаборніцкая паўза ў кар'еры Лапко доўжыцца ўжо амаль восем месяцаў. Апошні раз экс-трэцяя ракетка Беларусі з'яўлялася на корце 31 студзеня 2023 года, калі пацярпела паразу ў першым раундзе турніру WTA у Мехіка.