Tribuna/Тэніс/Блогі/Рутэнка ўзнагародзіў Додзіка – і незразумела за што: за супрацу ў тэнісе, якой, здаецца, проста няма

Рутэнка ўзнагародзіў Додзіка – і незразумела за што: за супрацу ў тэнісе, якой, здаецца, проста няма

Цікавая парачка.

Аўтар — bytribuna com
23 лютага, 12:00
Рутэнка ўзнагародзіў Додзіка – і незразумела за што: за супрацу ў тэнісе, якой, здаецца, проста няма

На гэтым тыдні ў Мінск з афіцыйным візітам прыязджаў Міларад Додзік, які называе Аляксандра Лукашэнку «жывой легендай». У лістападзе 2022-га Додзік зноў стаў прэзідэнтам Рэспублікі Сербскай – часткі Босніі і Герцагавіны з насельніцтвам 1,1 мільёна чалавек. Фактычна гэта кіраўнік аднаго з двух абʼяднаных субʼектаў федэрацыі.

Даволі нечакана палітык заехаў у Беларускую тэнісную федэрацыю, дзе атрымаў падарункі ад яе кіраўніка Сяргея Рутэнкі. Падпісант праўладнага ліста ўзнагародзіў госця нагрудным знакам «За выключную супрацу ў развіцці тэнісна-спартыўных стасункаў паміж Рэспублікай Сербскай і Рэспублікай Беларусь», а яшчэ даў дыплом, чамусьці датаваны 2022 годам.

Аддаў Рутэнка Додзіку і сваю гульнявую майку, у якой выступаў за зборную Беларусі па гандболе. Акрамя аўтографа лукашыст пакінуў памятны надпіс на сербскай.

На сайце тэніснай федэрацыі распавялі, што Рутэнка і Додзік абмяркоўвалі «пытанні далейшай цеснай супрацы ў сферы развіцця тэніса».

Вядома, што ў жніўні 2022-га былы гандбаліст наведваў Рэспубліку Сербскую (беларускі спорт на той момант ужо быў у міжнароднай ізаляцыі), нагодай стала святкаванне 30-годдзя мясцовай федэрацыі тэніса. Расказваючы пра паездку на Балканы, Рутэнка тады чамусьці хваліў тэнісную інфраструктуру ў Мінску.

«[У Рэспубліцы Сербскай быў] вельмі добры турнір-чэленджэр. І там былі спецыялісты ITF, якія працавалі на турніры, яны ўсім кажуць: «Вы не бачылі ўмоваў, якія ёсць у Мінску. Мы ахнулі, калі туды прыехалі», – хваліўся ў эфіры рэжымнага ТБ Рутэнка.

Экс-гандбаліст меў на ўвазе 2022 Banja Luka Challenger, які з 2002-га праводзіцца ў фактычнай сталіцы Рэспублікі Сербскай Баня-Луке. Той турнір прайшоў без удзелу беларускіх тэнісістаў. Затое туды прыляцеў Рутэнка з дыпломамі і сваімі гандбольнымі майкамі, якія раздаваў тэнісным функцыянерам з Рэспублікі Сербскай і Сербіі.

У Баня-Луке прадстаўнік рэжыму разам з кіраўнікамі сербскіх тэнісных федэрацый абмяркоўваў магчымасць выкарыстання беларускай інфраструктуры для падрыхтоўкі маладых спартсменаў. Таксама Рутэнка сустрэўся з Додзікам, які на той момант быў членам прэзідыуму Босніі і Герцагавіны (калектыўны вышэйшы орган выканаўчай улады) ад сербаў. Па выніках камунікацыі бакі падпісалі пагадненне аб спартыўнай супрацы.

«Мы запрасілі сваіх калегаў, так бы мовіць «славянскіх братоў», у бліжэйшы час наведаць Беларусь для працягу супрацы», – падсумаваў свой візіт Рутэнка.

З таго часу на сайце БТФ пра рэалізацыю дамоўленасцяў нічога не паведамлялася. Пуста наконт супрацы з Рэспублікай Сербскай і на сайце рэжымнага Мінспорту, што робіць незразумелым узнагароджанне Додзіка «за выключную супрацу ў развіцці тэнісна-спартыўных стасункаў». Падобна, што гэтых стасункаў проста няма.

Сам Додзік у маладосці гуляў у баскетбол за свой горад Лакташы на аматарскім узроўні і даўно знаёмы з топавым тэнісістам Новакам Джокавічам. Спачатку ў іх былі добрыя адносіны. Напрыклад, у 2020-м палітык і тэнісіст у нефармальнай абстаноўцы сустракаліся на адным з гарналыжных курортаў Босніі. Аднак увесну 2023-га здарыўся казус, які мог усё сапсаваць.

Тады Боснія прымала першы ў сваёй гісторыі турнір узроўню ATP Srpska Open. Спаборніцтва на адзін сезон пераехала з Белграда ў Баню-Луку, бо ў сербскай сталіцы ў гэты час перакладалі корты. Адным з арганізатараў Srpska Open выступіла будаўнічая фірма аднаго з братоў Джокавіча, якая перад стартам турніру патрапіла ў карупцыйны скандал. У СМІ пісалі, што тэнісны комплекс у Баня-Луке Джокавіч-старэйшы пабудаваў у абыход афіцыйных тэндэраў.

Новак прыляцеў на турнір, паўдзельнічаў у яго адкрыцці разам з Додзікам, а затым у чвэрцьфінале прайграў будучаму пераможцу Душану Лаёвічу. Збіраючыся падводзіць вынікі Srpska Open на тэлебачанні, палітык выдаў сваё стаўленне да сямʼі Джокавічаў, мяркуючы, што ў гэты час у яго не працуе мікрафон.

«Магу табе сказаць, гэтыя Джокавічы складаныя, каб іх маць. У нас усё ўспрымаюць эмацыйна, а калі пачынаеш працаваць… Ух! Цыгане яны прыстойныя. І супрацоўнікі яго… Яшчэ і прайграў у чвэрцьфінале. А мы ўсё планавалі пад яго перамогу!» – сказаў Додзік.

За тыя словы давялося прасіць прабачэння, хаця такія выказванні для Додзіка не зʼяўляюцца чымсьці незвычайным – ён не раз жорстка праходзіўся па палітычных апанентах. У сямʼі Джокавічаў інцыдэнт пакінулі без каментароў.

У траўні 2023-га Додзік сустрэўся ў Маскве з Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць пастаўкі газу на Балканы. Падчас перамоваў серб паабяцаў, што Рэспубліка Сербская не далучыцца да заходніх санкцый супраць Расіі, а таксама назваў вымушаным уварванне ва Украіну.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты