Все новости

Далідовіч пра спаборніцтва з азіяцкімі краінамі: «Хочаце растварыцца ў паўтарамільярдным Кітаі – у добры шлях. І ніхто гэтага не заўважыць»

9 апреля 2022, 23:45

Лыжнік Сяргей Далідовіч пракаментаваў інцыятыву беларускіх і расейскіх спартыўных чыноўнікаў правесці спаборніцтвы разам з краінымі Азіі, у прыватнасці з Кітаем, у адказ на адхіленне спартоўцаў Беларусі і Расіі заходнімі краінамі. Нагадаем, што рашэнне аб адхіленні прынялі шматлікія міжнародныя спартовыя арганізацыі і федэрацыі з нагоды ўварвання Расіі ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

–Якія перспектывы ў расейцаў і беларусаў вярнуцца да буйных міжнародных стартаў?

– Цяпер, пры такім становішчы справаў, – абсалютна аніякіх. Чым хутчэй яны асудзяць тое, супраць чаго паўстаў увесь свет, тым раней іх зноў запросяць на чэмпіянаты свету і Еўропы.

Расейцы абураюцца нейкімі русафобіямі ў міжнародных спартовых федэрацыях. Добра, не падабаецца вам Захад, рушце на Усход. Гэтае жаданне прысутнічае ў дэкларацыях, маўляў, мы створым сваю FIDE, мы арганізуем сваю лёгкаатлетычную «Брыльянтавую лігу», у нас канкурэнцыя будзе не горшай, чым у вас, і фінансаванне не паменшыцца.

Не жадаеце жыць з калектыўным Захадам – калі ласка. Хочаце растварыцца ў паўтарамільярдным Кітаі – у добры шлях. І ніхто гэтага не заўважыць.

Біятланісты ўжо анансавалі нейкі супертурнір у Пекіне на наступны сезон. Замінаць не будуць. Калі калектыўны Захад падкрэслівае, што «вы штосьці робіце не так», а расейцы кажуць «не, робім правільна», то на каго тут спасылацца і кім абурацца? Але цывілізаваны свет не прыме падтрымання вайны ні зараз, ні праз колькі гадоў пасля яе. Прамаўчаў або, не дай Бог, падтрымаў – кар’ера твая стала пад вялікую пагрозу. І гэта абскардзіць нельга ніякімі апраўданнямі і ні ў якіх судах. А Кітай нейтральны. Давайце туды.

Сёння абсалютна ніхто не можа прадказаць нават найбліжэйшай будучыні. Але для мяне як для беларуса вельмі важна, дзе ў гэтай так званай геапалітыцы застанецца плот: з боку Берасця ці з боку Смаленску. Я ўсімі рукамі за тое, каб каля Смаленску. Як бы гэта цынічна ні гучала ў адносінах маіх сваякоў і сяброў, якія жывуць у Расеі, але я з гэтым вызначыўся цвёрда. Не здолее поўнасцю адкрыцца Расейская Федэрацыя яшчэ доўга пасля таго, што нарабіла, – выказаў меркаванне Далідовіч.