Все новости

Андрэй Краўчанка: «Памятаю 2020 год, калі ўсе крычалі пра супраціў і салідарнасць, што пойдуць да канца. Зараз яны зламаліся і спакойна сядзяць»

3 июля 2022, 18:46
5

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2008 у мнагаборстве Андрэй Краўчанка распавёў «Нашай Ніве» пра жыцце ў Германіі і адносіны з некаторымі беларускімі спартоўцамі.

- Вы зараз трэніруецеся?

– Па магчымасці, бо не заўсёды на гэта хапае часу. У мяне ў пятцы два балты, якія трэба дастаць, пасля гэтага здолею больш актыўна трэніравацца. Яшчэ ж трэніруецца Яна, і камусьці трэба сядзець з нашай дачкой Эміліяй. Калі б тут была бабуля ці магчымасць пакінуць дзіця ў садку, было б лягчэй.

- Ці ёсць у вас з жонкай магчымасць працягнуць кар’еру?

– Спартсменаў з Расіі і Беларусі цалкам забанілі [на міжнародных спаборніцтвах], нават такіх, як я і мая Яна, хаця мы і былі заўсёды супраць вайны і супраць рэжыму. Пішам у розныя спартовыя федэрацыі і спрабуем атрымаць дазвол на выступы, але ж з намі не выходзяць на кантакт, няма адказу. Жонка трэніруецца, яна ў добрай форме, але бачу па яе вачах, што матывацыя ў яе падае. Калі ў бліжэйшыя месяцы бан з Яны не здымуць, думаю, трэба будзе развівацца ў іншым кірунку, бо няма сэнсу проста так траціць сілы на трэніроўкі.

- Ці разглядаеце варыянт перайсці ў іншую сферу?

– Так. Трохі ўжо стомлены ад спорту, бо больш за 20 гадоў знаходжуся ў ім. Зараз трэнірую дзяцей і адчуваю, што прывык да іх, атрымліваю вялікае задавальненне. Але калі б навучыўся зараз чамусьці іншаму, перайшоў бы ў іншую сферу хаця б для таго, каб пераключыцца са спорту. Не ведаю, што б гэта магло быць. Але ў Германіі, калі ты жадаеш працаваць, дзяржава цябе падтрымае, нават можа дапамагчы з крэдытамі. У мяне была ідэя адкрыць тут сваю спартовую школу для дзяцей, і гэта магчыма. Але, напэўна, гэтым займуся пазней.

- Вам крыўдна, што так атрымалася ў вас з выступамі?

– Зусім не. Стаўлю сябе на месца ўкраінцаў — таксама выступаў бы за санкцыі. Разумею, што яны і ненавідзяць беларускіх спартсменаў, бо шмат хто з іх падтрымаў вайну. А наша задача цяпер — даказаць, што ёсць беларусы, якія супраць гэтага ўсяго, якія рабілі і робяць шмат карыснага.

Што маеце на ўвазе пад падтрымкай вайны? Не так шмат беларускіх спартсменаў выказваліся за яе.

– Некаторыя беларускія легкаатлеты не выказваюцца супраць вайны, а выкладваюць пасты з радасцю, што ва Украіне разбамбілі чарговы горад. Ды я лічу, што нават маўчанне — гэта падтрымка вайны. Калі ты маўчыш, то для цябе ўсё нармальна, ты ўхваляеш агрэсію.

Я такі чалавек, што не магу проста так глядзець на ўсё, што зараз адбываецца, для мяне гэта ненармальна. Калі ў цябе ёсць сумленне і нейкія маральныя прынцыпы, немагчыма зараз маўчаць. Мая сям’я пазбавілася ўсяго, мы з’ехалі з краіны і пачалі жыццё з нуля, але я не шкадую, што выказаўся. Калі б ўсё паўтарылася, зрабіў бы тое ж самае. Таму для мяне тыя людзі, хто ўхваляе вайну — гэта нелюдзі.

- Падтрымліваеце зараз сувязь з тымі спартсменамі, хто застаўся ў Беларусі?

– Не, ды і жадання такога няма. Трохі адчуваю расчараванне. Памятаю 2020 год, калі ўсе крычалі пра супраціў і салідарнасць, казалі, што калі цябе пасадзяць, мы ўсе выйдзем. Але нічога не здарылася і ніхто не праявіў салідарнасць, усе маўчалі і ціхенька з усім пагаджаліся.

Ведаю, як усе не любілі Ігара Сівадзедава, які некалі быў галоўным трэнерам у зборнай [па лёгкай атлетыцы]. Цяпер ён ізноў галоўны трэнер і ўсе да яго падлізваюцца, у людзей няма характару. Тыя, хто казаў мне, што пойдуць да канца, зараз зламаліся і спакойна сядзяць.

Трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб страціць усё, застацца пры сваім меркаванні і пачаць жыццё з нуля. Такіх людзей вельмі мала, але ім вялікі рэспект. А астатнія прыдумляюць апраўданні, маўляў, у нас забяруць стыпендыю, але заўсёды ёсць выхад з сітуацыі. Мы ўзялі дзве валізкі і з’ехалі, але я ведаю, што ў мяне чыстае сумленне, я не здрадзіў Радзіме і да канца буду змагацца за праўду, – сказаў Краўчанка.

Показать еще 5