Аліна Талай: «З беларускай музыкі люблю «Ляпіс Трубяцкі», «Дай дарогу!», Akute. А перад самім спаборніцтвам звычайна слухаю металкор»

Прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы ў бегу з бар’ерамі Аліна Талай распавяла пра свае музычныя густы і знаёмства з Юляй Несцярэнкай.

«У дзяцінстве былі ў асноўным машынкі, таксама звярушкі. Усе мае сяброўкі, мы ўсе такія свавольніцы, заўсёды на вуліцы бегалі. А пасля з’явілася такая кампанія, гітара, усе справы. Вельмі, дарэчы, хацелася навучыцца граць на гітары. Гэта марай засталося дагэтуль. Нешта часам спрабую рабіць. Яшчэ, на жаль, няма голасу. Яго, канешне, ставяць, але ўсё адно ён не будзе гучаць так класна, як хочацца. А калі нешта рабіць, то рабіць гэта класна, я ў гэтым плане перфекцыяністка.

З музыкі люблю рознае. З беларускага — «Ляпіс Трубяцкі», «Дай дарогу!», Akute. А перад самім спаборніцтвам звычайна слухаю металкор, каб завесціся.

Да класа сёмага я была выдатніцай, але пасля пачаўся спорт. А калі пачынаецца спорт, ты становішся не такой захопленай вучобай, ужо захапляе спорт. Таму і адзнакі трохі скаціліся. Калі пачаўся пераходны перыяд (хаця можа ён у мяне зацягнуўся), са мной дастаткова цяжка было настаўнікам. Я вельмі такая запальчывая і не люблю, калі мяне прымушаюць нешта рабіць.

Дзіцёнкам была вельмі актыўным, увесь час недзе насіліся. Ясная справа, трэба было гэту энергію некуды накіраваць. Спачатку займалася ў школе турызмам. Неяк на спаборніцтвах трэнер заўважыў, што я добра бегала і скакала, і запрасіў у секцыю па лёгкай атлетыцы. У мяне не было такога, што я кучу секцый перабірала, перад тым як знайшла сваю. Мне адразу спадабалася. Тым больш, што там была такая кампанія, а ў такім узросце, калі шмат дзяцей і табе з імі цікава, то цябе туды цягне. Але з той кампаніі толькі я засталася ў спорце.

На наступны год паступала ва ўніверсітэт фізкультуры. Пасля школы яшчэ напэўна гады два не зусім разумела, што далей у жыцці будзе, кім я буду. І не лічыла спорт прафесійнай дзейнасцю і не думала наогул, што далей усё будзе звязана з гэтым. Пайшлі пэўныя поспехі ў спорце. І калі заняла на чэмпіянаце Еўропы трэцяе месца сярод юніёраў, тады зразумела, што ў мяне гэта атрымліваецца і я магу спаборнічаць на пэўным узроўні.

Я з тых людзей, каторыя, не скажу, канешне, што не моцна прыслухоўваюся да меркавання астатніх, проста, калі я нешта для сябе вырашу, мяне складана пераканаць і паўплываць на мяне не моцна нехта можа.

Завочна я ведала Юлю Несцярэнку, напэўна, і яна таксама мяне ведала. Але ўпершыню падышла да яе ў 2010 годзе, маўляў, а можна з вамі сфатаграфавацца. Неяк так гэта было. Я вельмі саромеюся падыходзіць да такіх людзей, якія нечага дасягнулі. Мне падаецца, што я нешта такое незразумелае ў параўнанні з імі, што яны не звернуць на мяне ўвагі», — цытуе Талай generation.by.

Реклама 18+