Алена Леўчанка: «Мая сям’я лічыць, што для мяне небясьпечна вяртацца ў Беларусь, хоць я вельмі хачу і пляную гэта зрабіць»

Баскетбалістка Алена Леўчанка падзялілася меркаваннем аб тым, што адбываецца ў Беларусі.

«Пры цяперашняй сытуацыі, калі ў Беларусі людзей ужо саджаюць за асабістае ліставаньне, ня кажучы ўжо за рэпосты, такой магчымасьці няма. Мая сям’я лічыць, што для мяне небясьпечна вяртацца ў Беларусь, хоць я вельмі хачу і пляную гэта зрабіць. Але, зыходзячы з таго, што адбываецца ў Беларусі, яны здольныя на ўсё і ніхто не абаронены. Пакуль ніякіх спраў на мяне не заводзілі. Але мы жывём у такі жахлівы час, калі направа і налева заводзяцца крымінальныя справы, хоць ты ні ў чым не вінаваты. У мяне не ўкладваецца ў галаве, што пасадзіць у турму могуць за твае выказваньні. Адбываецца нейкі неадэкват. Хаця я, зразумела, хачу дадому, да родных і блізкіх.

Страх – гэта самы моцны інструмэнт ва ўладаў для таго, каб кантраляваць людзей. Паказальныя арышты і справы патрэбны ім, каб прадэманстраваць сваю сілу. Гэта ўсё балюча, бо кожны раз ты даведваесься пра новыя рэчы, калі штодня чытаеш навіны. Вельмі цяжка псыхалягічна, бо мы ўжо жывём у гэтым больш за год. У турме я была разам са звычайнымі крутымі людзьмі. Там я пераканалася, што мы ўсе на правільным шляху. Я вырашыла, калі я вызвалюся, я буду расказваць пра гэтых неймаверных жанчын, пра сваё ўтрыманьне там, усю праўду.

Я ні пра што не шкадую і цяпер зрабіла б дакладна гэтаксама. Шкадаваць можна тады, калі ты ўсьведамляеш, што зрабіў нейкую памылку, калі ты нешта парушыў. А калі ты толькі выказваў свае погляды мірным пратэстам альбо праз сацыяльныя сеткі, якія толькі і засталіся для гэтага, то якое можа быць шкадаваньне?! Я разумела, што зьняволеная за праўду, за імкненьне быць свабоднай, каб свабодна, бяз страху выказваць свае думкі. І таму для мяне было гонарам знаходзіцца ў турме, бо я там была за праўду, за імкненьне быць свабоднай. Падобныя адчуваньні былі на маршах, калі ты бачыш мноства людзей, якія хочуць таго ж.

У нас у Беларусі ўвесь час спартоўцаў ставяць у рамкі. Нас, спартоўцаў, выкарыстоўваюць у сваіх нейкіх «плюсіках», плюшках, але разам з тым табе кажуць: «Закрый рот». Апроч таго, што мы спартоўцы, мы яшчэ грамадзяне сваёй краіны. Мы, магчыма, не палітыкі, але прыйдзе час, калі спартоўцы сядуць за стол перамоваў. Усё хутка мяняецца. У нас ёсьць голас, да нас людзі прыслухоўваюцца, мы займаем нейкае месца ў соцыюме. Мы ня маем права проста маўчаць, не зьвяртаць увагі, калі нейкія рэчы адбываюцца ў соцыюме, альбо рабіць выгляд, што там наогул нічога не адбываецца», – сказала Леўчанка.

Источник: svaboda.azureedge.net
Популярные комментарии
sege_maz
+2
Не трэба гэтага рабіць пад час акупацыі.
Написать комментарий
Реклама 18+