Все новости

«У нас з’явілася нешта моцнае, нацыянальнае»

15 ноября 2012, 16:25
91

Паводле слоў Аляксандра Куля, цмок гуляў у баскетбол з даўніх часоў. Сёння ў канцэртнай зале дзіцячай філармоніі адбылася прэзентацыя не толькі новага складу «Мінска-2006», але і яго новага іміджу. З гэтага часу лепшы клуб краіны будзе насіць назву «Цмокі». Як выбіралася новае імя і што з гэтага павінна атрымацца — у рэпартажы журналіста Goals.by. Каля адзінаццаці дня побач з канцэртнай залай дзіцячай філармоніі прайшоў Йован Дам’янавіч. Футбаліст мінскага «Дынама», нічога не разумеючы, глянуў на натоўп, ацэньваючы яго велічыню, і пакрочыў, нікога не пазнаўшы, далей. Канцэнтрацыя спартоўцаў непасрэдна ў самім будынку была значна большай. Прэзентаваць новы імідж кіраўніцтва клуба вырашыла з узделам усіх каманд структуры. Кожнага гульца прадставілі паасобку. Пасля чаго яны занялі свае месцы ў зале. І сталі ўважліва слухаць, чакаючы таго, пра што ўжо даўно казалі ў клубе. Але раней, чым прысутным аб’явілі пра рэнэймінг, аб справах клуба распавёў генеральны дырэктар Канстанцін Шаравера. Паводле яго слоў, у гэтым сезоне «склад ва ўсіх камандах падабраўся баяздольны». У клуба атрымалася заключыць пагадненні амаль што з 40 спонсарамі, што абяцае фінансавую стабільнасць на працягу года. У яго канцы, дарэчы, плануецца адкрыццё другой залы ў спартыўным комплексе БК «Мінск-2006». Што да задач, то яны перад усімі камандамі ставяцца самыя высокія. Жаночую «папрасілі» дадаць у клубны музей «золата» нацыянальнага чэмпіяната і Кубак, а таксама не апусціцца ніжэй трэцяга месца ў Балтыйскай лізе. Мужчынская каманда, якая ў гэтым сезоне на ўнутраным фронце распачне барацьбу са стадыі плэй-оф, ні на што, акрамя першага месца, зразумела, не глядзіць. А вось у лізе «ВТБ» ёй патрэбна пазмагацца за выхад у плэй-оф, які не толькі падыме аўтарытэт клуба, але і гарантуе грашовыя бонусы — мінімум 100 тысяч даляраў. Пад задачы — і кадры. Гэтым летам «Мінск» трымаўся стратэгіі прыцягвання ў каманду гульцоў нацыянальнай сборнай. Маўляў, яны на працягу некалькіх месяцаў працавалі пад кіраўніцтвам Андрэя Крываноса, што, безумоўна, пойдзе на карысць у будучыні. Так, новыя кантракты з клубам падпісалі Лашкевіч, Трасцінецкі і Кудраўцаў, далучыліся да «Мінска» Ульянка, Коршук і Пустагвар. Паводле слоў генеральнага дырэктара, не атрымалася схіліць да пераходу ў каманду Нікіту Мешчаракова ды Арцёма Парахоўскага. Кантракт апошняга клуб проста не пацягнуў. Замежны легіён «Мінска» ў гэтым сезоне складуць расіянін Фамін, літовец Руткаўскас, швейцарац Петкавіч ды амерыканцы Крыстаферсан, Эдвардс, Крэфт і Сміт. Новыя гульцы, як адзначыў Андрэй Крыванос, «па натуры агрэсіўныя», а ў іх прагрэсе і хуткай адаптацыі няма сумневу. — Я бачу ў маладых беларускіх баскетбалістаў вялікі патэнцыял, але шмат нерэалізаваных магчымасцяў, — прызнаўся трэнер другой каманды Тадас Сточкус. Усе міжнародныя гульні каманда будзе традыцыйна праводзіць на «Мінск-Арэне». А вось наконт трансляцый па ТБ упэўненасці пакуль няма: — Атрымаць час у прайм-тайм на тэлебачанні цяжка, — тлумачыць Аляксандр Куль. – Але мы імкнемся да гэтага. Да таго ж, у новым сезоне ўсе гульні каманды можна будзе паглядзець у рэжыме «лайв» з дапамогай інтэрнэта. Дырэктар аддзела маркетынга і развіцця клуба таксама распавёў аб прамежкавых выніках сваёй працы. — Мы ўжо распачалі продаж квіткоў, сезонных абанементаў. Рыхтуецца першая партыя сувенірнай прадукцыі, атрыбутыкі. Плануем актыўна працаваць са спонсарамі, каб можна было прыцягваць у клуб дадатковыя сродкі. Не забываем і пра заўзятараў. Для іх на гульнях каманды рыхтуецца некалькі цікавых рэчаў. У першую чаргу, каб паўплываць на іх пазытыўны настрой. Што гэта будзе? Пабачыце на гульнях! Ну што ж, пачакаем. Другая палова мерапрыемства інтрыгавала значна больш. Пасля выступу дзяўчын з гурта падтрымкі на сцэну падняўся Аляксандр Куль, які пачаў здалёк, зазначыўшы, што за апошнія годы каманда «дасягнула поспехаў не толькі ў межах краіны, але і на міжнароднай арэне». Трэба зазначыць, што большасць гульцоў «Мінска» да сённяшняга дня таксама не ведала пра тое, што менавіта адбудзецца на мерапрыемстве. Аляксандр Куль здолеў захаваць навіну ў сакрэце амаль ад усіх і зрабіць прэзентацыю сюрпрызам не толькі для журналістаў, але і для саміх баскетбалістаў. — Зараз мы пачынаем рэалізацыю новай маркетынгавай стратэгіі. Наша мэта — быць цікавымі аматарам баскетболу ў нашай краіне і мець свой вядомы твар на міжнароднай пляцоўцы. Плануем дасягнуць гэтых мэтаў рэнэймінгам клуба. Яго новая назва мае глыбокае значэнне, прыналежнасць да нашай краіны. Мы вельмі сур’ёзна падыйшлі да гэтага пытання, звярнуліся да беларускай міфалогіі, багатай на розных персанажаў, і выбралі з яе самага каларытнага, які цалкам адпавядае нашым мэтам і задачам. З гэтага моманту мы будзем называцца... «Цмокі-Мінск»! — Як?! Цмоўкі? – загулі ў зале баскетбалісты. Перачакаўшы першую хвалю абмеркаванняў, Аляксандр пачаў свой расповед пра міфічнага персанажа, з якім цяпер будзе асацыявацца мінскі клуб. Пра гэта — ніжэй на фота: Урывак са Статута ВКЛ Аляксандр зачытаў на заходнерускай мове. Дарэчы, юрыдычна БК «Цмокі-Мінск» застанецца «Мінскам-2006». — Цмок — станоўчы персанаж, — адзначыў Куль. – Ён увасабляе матэрыяльнае, інтэлектуальнае і духоўнае багацце. Дарэчы, цмока можна назваць адным з першых баскетбалістаў, таму што на выявах у яго кіпцюрах часта можна было заўважыць камяні :). *** Што тычыцца аўтара гэтага тэксту, то слушка пра новы брэнд «Мінска» дайшла да мяне тыдні тры таму. Напачатку я таксама не ведаў, як на яе рэагаваць — ці то ўсміхацца, ці то «рэспектаваць». Адразу ж прыгадаў гэтае відэа, крыху пачытаў інтэрнэт, успомніў нешта з таго, што расказвалі на парах «педунівера», сваё студэнцкае мінулае, у якім, каюся, сваёй прыналежнасці да беларускага народа надаваў значна больш увагі. А таксама паспрабаваў прадказаць рэакцыю на гэтую навіну. Прызнацца, большасць тых, з кім давялося за гэты час яе абмяркоўваць, пачыналі аднабока: «Што? Ты жартуеш?» З часам назва ўсё больш клалася на слых, ужо не ўспрымалася з лёгкай усмешкай. Мабыць, таму, што мы, беларусы, усё новае і незвычайнае прымаем неяк неадэкватна, імкнучыся спачатку абсмяяць, а ўжо потым падумаць пра тое, што гэта насамрэч цікава. Імкнемся адшукаць у ёй спачатку нейкі падвох, і толькі потым прыняць. Натуральна, і першае пытанне да Аляксандра было менавіта такой тэматыкі. — Ёсць такі выраз: «чорны піяр — таксама піяр», — упэўнены Куль. – Добра, няхай адносіны напачатку будуць не самымі адэкватнымі, але, нягдезячы ні на што, мы здолеем данесці гэты вобраз, нашу ідэю да людзей. Не трэба баяцца беларускага цмока, не трэба баяцца беларускай мовы, культуры. — Ведаеце, першая рэакцыя на такую прапанову ў нас таксама была насцярожаная, — дадае Канстанцін Шаравера. – Але з цягам часу, калі пачалі пранікацца гэтай ідэяй, прыйшло разуменне, дзеля чаго гэта ўсё, якія мэты. Тут галоўнае выйграваць, каб словазлучэнне было правільнае, мілагучнае :). Я лічу, што ідэя цікавая. — Я бачыў шмат назваў, — кажа Тадас Сточкус. – Ніхто не пытае, чаму ЦСКА называецца ЦСКА, а «Црвена Звезда» – «Црвена Звезда». Вельмі добра, што ў нас з’явілася нешта моцнае, нацыянальнае. Беларусы і літоўцы заўжды, яшчэ з часоў ВКЛ, былі народамі вельмі магутнымі. Таму я ўдзячны Аляксандру за тое, што ён здолеў стварыць стыль, які надае гэтыя рысы. Заўсёды трэба заставацца тым, хто ты ёсць на самой справе. Для беларусаў у некаторыя моманты іх гісторыі гэта было вельмі важна, як і зараз. Для моладзі такая адсылка будзе карыснай. Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства ніхто і не думаў разыходзіцца. Адной з прычын быў арганізаваны для прысутных банкет (дзякуй банку «ВТБ», дарэчы), другой — жаданне амеркаваць апошнія навіны. — Бачна, што клуб расце, таму што такую прэзентацыю ён яшчэ не ладзіў ніколі, — зазначае Аляксей Лашкевіч, якога затрымліваю разам з Аляксандрам Пустагварам. — Хлопцы, ці падабаецца вам новая назва? — Так. Клуб імкнецца зрабіцца больш пазнаваемым, пачынаючы справу з чыстага аркуша. — Дзякуючы ёй, беларускія людзі здолеюць даведацца больш пра сваю гісторыю, міфалогію. Я, напрыклад, зараз вельмі зацікаўлены, — прызнаецца Аляксандр. — А як вы самі ставіцеся да беларускай мовы? — Станоўча! Мы ж нарадзіліся ў гэтай краіне. — А слабо некалькі слоў па-беларуску? Напрыклад, пра сённяшнее надвор’е. — Не вельмі добрае. Мабыць, будзе навальніца :). — Насамрэч, праблем з беларускай мовай няма ніякіх, — дадае Пустагвар. – Проста мы прывыклі размаўляць толькі на рускай — у паўсядзённым жыцці, у сям’і. Але ў кожнага чалавека павінен быць выбар. Не трэба прымушаць чалавека рабіць штосьці адно. Такая ж сітуацыя і з мовай. Хочаш — размаўляй па-беларуску, але калі табе падабаецца руская мова, тваё права карыстацца менавіта ёю. *** Амерыканец Скот Крыстаферсан не праяўляў цікавасці да ежы, таму адразу ж пагадзіўся вылучыць колькі хвілін для размовы. — Хэллоў! Як справы? — Добра! Але я мала што зразумеў з таго, што тут сёння казалі :). — Ты ехаў у «Мінск-2006», а апынуўся ў складзе БК «Цмокі». — Дзе? — БК «Цмокі». — Оў... насамрэч, гэта не істотна — усё ж я ехаў, у першую чаргу, гуляць у баскетбол. Ад клуба ў мяне пакуль толькі найлепшыя ўражанні! — Ці здольны ты вымавіць яго новую назву? — Хм... «тсмоўкі»! — Выдатна! Раскажы крыху пра сябе. Як апынуўся ў Беларусі, чаго ад цябе чакаць? — Перамовамі займаўся мой агент. Я ж ведаў, што клуб прымае ўдзел у моцных спаборніцтвах. Па першым уражанням адзначу выдатную арганізацыю. А што тычыцца мяне, то я гуляю на пазіцыях першага-другога нумароў, няблага арыентуюся ў пік-н-ролах, валодаю нядрэнным кідком. Баскетбол — хуткая гульня, таму мне яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. У прыватнасці, хачу дадаць у бачанні гульні. *** Рэакцыя на «рэбрэндынг» жаночай паловы, натуральна, аказалася больш эмацыянальнай. — Новая назва каманды не збянтэжыла? – пытаюся ў Жанны Гарадзецкай. — Мы проста асалапелі! Было вельмі нечакана! Я, шчыра кажучы, нават не ведала, што ў нашай міфалогіі ёсць цмокі. Трэба будзе заняцца гэтым прабелам :). — Зараз вам пад такой назвай гуляць у сезоне. — Пакуль я не магу сказаць нічога канкрэтнага. Трэба гуляць і выйграваць, тады назва павінна прыжыцца. Думаю, гэта адбудзецца з цягам часу. — Для мужской каманды назва пасуе добра, а як, на ваш погляд, для жаночай? — Нармальна. Такі прыемны, сімпатычны «дракоша» :). *** Апошняй, дапіваючы каву, дзеліцца ўражаннямі Вікторыя Гаспер: — Спачатку была ў шоку! Прыйшла ў «Мінск-2006», а потым мне сказалі, што назва зменіцца. Пачула яе тыдні два таму. Першая рэакцыя — што гэта? Адразу пасмяяліся, а потым, калі растлумачылі, нават спадабалася :). — Якія ў вас адносіны з беларускай мовай? — Добрыя. У школе нават вучылася ў беларускамоўным класе. Адзнакі? Станоўчыя :). — Калі ўпершыню пачулі новую назву каманды, здолелі перакласці яе на рускую мову? — Не! Напачатку нават не здагадвалася, што яно азначае. Думала, нейкая вадзяная пачвара. Да апошняга не ведала, што на эмблеме будзе намаляваны цмок. Але сёння даведалася пра яго больш, і мне спадабалася! А вам?

«Заўзятарам на нашых гульнях будзе цікава»

«Цмок ляціць побач з тымі, хто хавае ў сэрцы агонь»

«Мы проста асалапелі!»

Показать еще 91