Алег Гаруновіч: «На жаль, паміж добрым спартоўцам і годным грамадзянінам далёка не заўжды можна паставіць знак роўнасьці. Дастаткова прыгадаць паводзіны гераіні Беларусі зь біятлёну»

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч для «Рыдыё Свабода» падзяліўся меркаваннем аб тым, якія настрой зараз сярод спартсменаў пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года.

– Пасьля жніўня 2020 спартоўцы падзяліліся – на тых, хто актыўна выступіў на баку народу, на тых, хто добраахвотна ці пад прымусам падпісаў праўладныя лісты, і на тых, хто спрабуе ня ўмешвацца. Як бы вы ацанілі гэтыя прапорцыі? Каго больш?

– Не бяруся вымяраць, бо хацелася б ведаць, хто падпісаўся за Лукашэнку шчыра, ад душы, а не пад прымусам. Дакладна ведаю, што ў шэрагі яго прыхільнікаў загналі і тых, хто не падтрымлівае дзейную ўладу. Зрабілі гэта нават не пагрозамі, а хапіла намёкаў на наступствы. Спартоўцы ў вялікай залежнасьці ад дзяржавы. Ня кожны гатовы казаць тое, што думае, ігнаруючы амаль гарантаваныя наступствы. Усё ж такі людзі прысьвячаюць спорту ўсё жыцьцё, а тут маячыць пэрспэктыва атрымаць высьпятка пад зад.

Мы бачым, што ўлады ні з кім не цырымоняцца, дзейнічаюць максымальна брутальна і жорстка. Звальняюць нават тытулаваных спартсмэнаў, якія яшчэ могуць штосьці паказаць на Алімпійскіх гульнях. Аднак мая асабістая думка – большасьць спартоўцаў разумее, што ў краіне адбываецца нейкае дзікунства. Проста многія вырашылі, што разьбяруцца бязь іх. На жаль, паміж добрым спартоўцам і годным грамадзянінам далёка не заўжды можна паставіць знак роўнасьці. Нашмат часьцей мы бачым адваротныя выпадкі, дастаткова прыгадаць паводзіны гераіні Беларусі зь біятлёну, – сказаў Гаруновіч.

Реклама 18+