Tribuna/Баскетбол/Блоги/Мова Спартова/«Цмокі»: «Прынцыпова ўжываем беларускую мову» ДАКУМЕНТ

«Цмокі»: «Прынцыпова ўжываем беларускую мову» ДАКУМЕНТ

Што і хто робіць БК «Цмокі-Мінск» самым беларускамоўным баскетбольным клубам Беларусі? Адказ ніжэй

Автор — Ігар Случак
14 октября 2014, 12:13

Якая ж сытуацыя зь беларускай мовай і культурай у прадстаўніка беларускага баскетболу на міжнароднай арэне?

Генэральны дырэктар БК «Цмокі-Мінск» Юры Шакола

 

Генэральны дырэктар БК «Цмокі-Мінск» Юры Шакола адказаў наступнае:

«Вы, безумоўна, ведаеце, што сымбалем клюбу пасьля рэбрэндынгу ў 2012 годзе стаў герой беларускага эпасу, і гэта цалкам адлюстроўвае нашу пазыцыю па прапагандзе нацыянальнай спадчыны. „Цмокі-Мінск“ лічаць прынцыповым ужываньне беларускай мовы ў сваёй маркетынгавай і піяр-дзейнасьці. Спартовыя заўзятары ведаюць, што ўсё аўдыёвізуальнае суправаджэньне матчаў на „Мінск-Арэне“ арганізоўваецца намі на роднай мове, як і ўся друкаваная прадукцыя (афішы, праграмкі), атрыбутыка (ад магнітаў да маек і баек).

 

 

Таксама адзначым, што інфармацыйнае суправаджэньне жыцьця каманды рэгулярна вядзецца на беларускай мове — афіцыйны твітар @TsmokiMinsk, афіцыйныя старонкі клюбу ў сацыяльных сетках апэратыўна паведамляюць навіны, якія тычацца калектыву. Прома-ролікі, што анансуюць матчы ў Эўрачэленджы і Адзінай лізе ВТБ, таксама выходзяць на беларускай мове, гэтак жа, як і радыё- і інтэрнэт-трансьляцыі хатніх матчаў на сайце клюбу».

Такую прынцыповую і пасьлядоўную пазыцыю можна толькі вітаць і ганарыцца, што ў клюбе працуюць людзі, якія цьвёрда стаяць на пазыцыях беларушчыны. Тут можна ўзгадаць і ХК «Дынама», які пакуль не арганізоўвае аўдыёвізуальнае суправаджэньне на арэне (а гуляюць абодва клюбы на «Мінск-Арэне») па-беларуску. Думаю і рэглямэнты ў міжнародных турнірах «Цмокаў» ня менш жорсткія, чым у КХЛ, але яны магчымасьць ужываньня роднай мовы знайшлі. Усьцешвае выкананьне друкаванай прадукцыі па-беларуску і асабліва вядзеньне па-беларуску сацыяльных сетак.

 

Падзяліўся генэральны дырэктар і тым, як клюб ангажуе ў беларускую культуру рускамоўных заўзятараў:

«Рацыянальная маркетынгавая палітыка спартовага клюбу ва ўмовах Беларусі дыктуе неабходнасьць улічваць інтарэсы пераважнай рускамоўнай часткі аўдыторыі. Мы аднолькава старанна імкнемся як ужываць беларускую мову ў працы, так і пашыраць колькасьць рускамоўных прыхільнікаў клюбу. Такім чынам нашы небеларускамоўныя заўзятары атрымліваюцца ў складзе нашай агульнай аудыторыі, на якую накіроўваюцца намаганні клюбу па прапагандзе нацыянальных каштоўнасьцяў».

 

Але і «Цмокі» ня могуць выканаць усе прапановы па больш шырокім выкарыстаньні беларускай мовы. Юрый Шакола працягвае:

«Беларускамоўнае напісаньне прозьвішчаў на майках, на жаль, на дадзены момант немагчыма. Клюб выступае адразу ў двух міжнародных спаборніцтвах. Адпаведна, для мінімізацыі выдаткаў і захаваньня рэглямэнтных патрабаваньняў усе надпісы першапачаткова робяцца на ангельскай мове. Паколькі партыі экіпіроўкі вырабляюцца оптам і на ўвесь сэзон, стандартны выгляд джэрсі мае і ў гульнях чэмпіянату Беларусі. Рабіць унікальную форму выключна на матчы плэй-оф нацыянальнага першынства, зь якога „Цмокі“ пачынаюць шлях унутры краіны, не дазваляе абмежаванасьць бюджэту».

 

Лягічная пазыцыя, але тут можна параіць тое ж самае, што і хакейнаму «Дынама» — выкарыстоўваць беларускую лацінку.

Юрый Шакола дадае: «Мовы прэс-канфэрэнцый таксама прапісаныя ў рэглямэнтах Адзінай лігі ВТБ і фэдэрацыі „ФІБА-Эўропа“. Разам з тым, клюб не абмяжоўвае індывідуальныя зносіны гульцоў і трэнэраў нашай каманды з прэсай на беларускай і іншай мовах — у такіх выпадках дзейнічае прынцып узаемнай дамоўленасьці паміж бакамі». 

Цалкам слушна — патрабаваньні рэглямэнтаў трэба выконваць, але і не абмяжоўваць гульцоў і трэнэраў у магчымасьці ўжываць любую з моваў. Вядома, хочацца, каб у гэтым выбары яны абіралі менавіта беларускую.

Наконт беларускамоўнай вэрсіі сайту генэральны дырэктар адзначыў наступнае:

«Беларускамоўная вэрсія сайту пакуль застаецца ў плянах па доўгатэрміновым разьвіцьці клюбу. З аднаго боку, толькі ў студзені створанай прэс-службе пакуль не хапае магутнасьцяў для вырашэньня шматмоўных задач. Зь іншага боку — прыярытэтам клюбу на дадзены момант зьяўляецца прывядзеньне ў аптымальную форму англамоўнай вэрсіі сайту, запатрабаванай фэдэрацыяй „ФІБА-Эўропа“ і Адзінай лігай ВТБ».

Пазыцыя абгрунтаваная, але спадзюся, што ў хуткім часе беларускамоўная вэрсія сайту зьявіцца і ў менскіх цмокаў, бо ўсе іншыя ўдзельнікі міжнародных ліг, дзе гуляе каманда, вэрсіі сайтаў на нацыянальных мовах маюць. Ды і вядзеньне ўсіх сацыяльных сетак па-беларуску паказвае, што прэс-служба павінна з гэтай задачай з годнасьцю справіцца.

Напрыканцы Юрый Шакола падсумоўвае: «Такім чынам, БК „Цмокі“ імплемэнтуе шэраг намаганьняў па папулярызацыі беларускай мовы ў спорце, і будзе імкнуцца і далей ашыцьцяўляць сваю палітыку ў гэтым накірунку ў адпаведнасьці з даўгатэрміновымі маркетынгавымі мэтамі клюбу, умовамі рэглямэнтаў турніраў і магчымасьцямі бюджэту».

Аляксандар Куль

 

Няма сумневаў, што так гэта і будзе. У зьвязку з такой пазытыўнай сытуацыяй БК «Цмокі» нельга не ўзгадаць і яго дырэктара цэнтру эканамічнага разьвіцьця і спартовага маркетынгу, былога гульца баскетбольнай нацыянальнай зборнай Беларусі і проста самага вядомага баскетбаліста краіны, маркетоляга з дыплёмам Вашынгтонскага ўнівэрсытэту Аляксандра Куля — яго імпэтам і намаганьнямі былы БК «Мінск-2006» стаў беларускім нацыянальна арыентаваным БК «Цмокі-Мінск». Што казаць — таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Дарэчы, у гэтым годзе Аляксандар Куль быў у журы Фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK — 2014, што яшчэ раз падкрэсьлівае, што клюб зацікаўлены ў пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў беларускім спорце і рэкляме.

Падрабязней па СПАСЫЛЦЫ

Другие посты блога

2018 ЧАРНАВІК ТОП-150
28 января 2019, 18:40
#случакуслуцку
15 января 2018, 10:05
Все посты