Tribuna/Футбол/Блоги/Слуцксахар/Каляфутбола. Што кажа пра футбол руска-беларускі размоўнік?

Каляфутбола. Што кажа пра футбол руска-беларускі размоўнік?

Аўтар блога «Слуцксахар» вырашыў крыху адысці ад асноўнай тэматыкі запісаў і паведаміць чытачам пра адну цікавую знаходку.

Блог — Слуцксахар
Автор — khvnsk
3 августа 2014, 03:04
1

Мая бабуля ўсё жыццё працавала настаўніцай у звычайнай вясковай школе, і ў яе бібліятэцы заўсёды было шмат розных кніг. І мне заўсёды дазвалялася забраць з сабою ў горад любыя кніжкі, якія толькі мне спадабаюцца. У дзяцінстве гэта былі розныя размалёўкі і казкі, у школьным узросце - творы, якія задавалі на лета настаўніцы па рускай і беларускай літаратурах. Калі я стаў больш-менш дарослым, стаў звяртаць увагу на сур'ёзную літаратуру, шлях да якой быў пракладзены асабіста мной, а не школьнай праграмай ці чымсьці яшчэ. 

На гэты раз, праглядаючы крыху збяднелую за гэтыя гады, дзякуючы мне і бабулінай шчодрасці, калекцыю, я знайшоў даволі цікавы артэфакт - руска-беларускі размоўнік.

Аўтарам гэтай кнігі, выдадзенай у 1991 годзе, з'яўляецца доктар філалагічных навук, прафесар Арнольд Яфімавіч Міхневіч. Цікава, што тады аўтар мог меркаваць, што пасля абвяшчэння 27 ліпеня 1990 года незалежнасці БССР з цягам часу рускамоўнага чалавека ў Беларусі могуць не зразумець, і яму спатрэбіцца размоўнік. Іншай практычнай мэты складання дадзенай кнігі я праз 23 гады не бачу, але ёсць адна цікавостка, аб якой хачу вам расказаць.

Размоўнік падзелены на розныя сітуацыі: як, напрыклад, паводзіць сябе ў гасцініцы, у краме, у шпіталі. Асобнае месца займае і спорт. Вось як выглядае глава, прысвечаная футболу.

Шмат спрэчак ідзе наконт таго, як па-беларуску будзе дакладней: ігрок ці гулец, варатар ці брамнік, вуглавы ці кутнявы (кутні). Прыклад паказвае, што абодва варыянты маюць права на існаванне, тут, як кажуць, справа густу ці звычкі.

Калі вас цікавіць мая думка, то ў сваіх даўніх аглядах (тады нават і goals.by яшчэ існавала) я выкарыстоўваў словы "гулец", "брамнік" і "вуглавы". Іграком можа быць той, хто грае на музычным інструменце, слова "брамнік" мне эстэтычна больш пасуе, а калі разглядаць поле, то ў яго ёсць вуглы, а не куты. Такая вось марфалогія.

А на самой справе, варыятыўнасць - хіба гэта дрэнна? Вы за якія варыянты? 

Да пабачэння!

 P.S. На гэты раз ад бабулі я прывёз беларускі народны каляндар і зборнік вершаў Рыгора Барадуліна з аўтографам.

Другие посты блога

С Новым Годом!
31 декабря 2015, 21:21
1
Blank title. Fix it!
8 ноября 2015, 01:09
Все посты