Все новости

Алег Гаруновіч: «Івулін – гэта чалавек, які рабіў з нашага футбола шоу. Маўчанне стала яму падзякай ад тых, з кім рагатаў на мікрафон ля броўкі»

6 июня 2021, 08:56
1

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч выказаўся наконт падтрымкi арыштаванага Аляксандра Івуліна.

«Зразумела, з кожным днём вытыркацца ўсё цяжэй і страшней. І ўсё ж такі, і ўсё ж такі. Нікога не збіраюся папракаць, проста канстатую: рэакцыя беларускага футбола на арышт Івуліна амаль ніякая. Словы падтрымкі выказалі чалавек пяць, астатнія – маўчок, і вось чаму звярнуў на гэта ўвагу.

Івулін – гэта чалавек, які рабіў з нашага (чорт, па старой звычцы пішу нашага) футбола шоу. Гэта чалавек, які глядзеў на футбалістаў чэмпіяната Беларусі як на зорак. Гэта чалавек, дзякуючы якому многія футбалісты ЧБ маглі адчуць і ўсвядоміць сябе зоркамі. Гэта чалавек, які рабіў чэмпіянат Беларусі цікавым тысячам людзей, многія з якіх не так ужо пільна сочаць за футболам.

Маўчанне стала яму падзякай ад тых, з кім рагатаў на мікрафон ля броўкі.

І чым менш слоў, чым менш жэстаў, тым даражэй яны каштуюць. Раней я проста ведаў, што ў мяне ёсць круты зямляк – баксёр Дзмітрый Асанаў. У 19 узяў бронзу на чэмпіянаце свету, зараз яму 25. Жыве ў Новай Баравой, добра ведае, што там адбываецца. Пасля выбараў выступіў супраць гвалту і за чэсныя выбары, за што быў пазбаўлены значнай часткі заробку. Тым не менш не засцаў, не даў заднюю, не зліўся.

Учора Асанаў адабраўся на другую ў сваім жыцці Алімпіяду. І што зрабіў пасля гэтага? Проста паглядзіце відэа. Калі Саша выйдзе, яму будзе вельмі прыемна, хаця, напэўна, і футбалісты ўжо многа чаго напісалі ў прыват (я без жартаў), бо публічна выказвацца ім не дазваляюць клубы. Ну або адсутнасць мужнасці.

Карацей, мы, маладзечанскія, аршанскіх не кідаем. Ну і на Алімпіядзе я дакладна ведаю, за каго буду заўзець (нават перастаў хацець яе адмены, толькі б Дзмітрый там паспрабаваў сябе). На папярэдняй Асанаў выступіў не вельмі, але хлопец пасталеў, і ў яго мужнасці няма аніякіх сумневаў», – напісаў Гаруновіч.