Все новости

Жонка Кудзіна: «Не буду называць Лёшу героем. Ён проста зрабіў тое, што павінен»

4 июля 2021, 13:15

Жонка байца Аляксея Кудзіна Таццяна Пархімовіч распавяла, што не плануе пакідаць Беларусь.

«Людзі мне пішуць, што мой муж – герой. Так лічыць – гэта іх права, але я не буду называць Лёшу героем. Для мяне ён проста зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. Што ён такое сур’ёзнае ўчыніў? Проста абараніў сваё жыццё. Нейкія людзі пачалі збіваць майго мужа, неаднаразовага чэмпіёна свету і заслужанага майстра спорту. На якой падставе яны гэта рабілі?

Трэба проста бачыць майго мужа і яго кулак. Калі б Лёша хацеў кагосьці збіць, ад таго чалавека нічога б не засталося. А так ён вельмі карэктна сябе абараніў, там ні ў кога няма цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пры гэтым пра яго пачалі казаць, што ён злачынец.

Вельмі шмат людзей раяць нам з’язджаць з краіны, але я проста не бачу ў гэтым сэнсу. Было б вельмі проста з’ехаць, калі ты адзін ці маеш аднаго-двух дзяцей, але калі ў цябе іх пяць, гэта вельмі складана. Таму я проста настройваю сябе на тое, што ўсе цяжкасці скончацца і мы будзем жыць так, як жылі раней.

Вырашаем праблемы па меры іх з’яўлення. Зараз нам трэба, каб тата хаця б выйшаў з турмы, нават калі ён будзе ў іншай краіне. Галоўнае, каб ён быў у бяспецы, а потым ужо будзем глядзець. У Лёшы вельмі шмат сяброў, але зразумела, што ўсё будзе залежыць ад яго самога: ён будзе павінны шукаць працу, жыллё, займацца дзецьмі.

Што датычыцца сітуацыі ў краіне, гэтае беззаконне скончыцца, такое не можа доўна працягвацца. Гэта відавочна. Проста нехта па незразумелых прычынах трымаецца за старое жыццё, нехта не верыць, што магчыма нешта іншае. Раней я вельмі хацела з’ехаць у іншую краіну і паспрабаваць нешта іншае, але цяпер разумею — можна жыць у любым месце, калі табе даюць гэта рабіць і зарабляць на жыццё», – сказала Пархімовіч.

Нагадаем, падчас пратэстаў у Маладзечна Кудзін пабіўся з амапаўцамі, пасля чаго быў жорстка затрыманы. Ён атрымаў абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў). З жніўня да сярэдзіны лістапада Кудзін знаходзіўся пад хатнім арыштам, а пасля нечакана знік – як стала вядома, з’ехаў з Беларусі ў Заходнюю Еўропу. А пасля перабраўся ў манастыр у Расію, дзе яго праз затрымалі па патрабаванні беларускіх уладаў. З таго часу праваабаронцы змагаюцца супраць яго экстрадыцыі.