Все новости

«Памятаю, як Сала прапусціў шайбу»

25 января 2012, 14:50
35

Стэфан Эрыксан не вялікі аматар спорту, але гімнастыкай займаецца Амбасадар Швецыі ў Беларусі распавядае, чаму не любіць камандныя віды спорту. Пра ранішнія прабежкі ў парку Перамогі і катанне на водных лыжах на Пцічы. Узгадвае Алімпіяду ў Мюнхене і гімнастку Вольгу Корбут, а таксама сваё здзіўленне, калі даведаўся, што шведскія хакеісты будуць выступаць за мінскае «Дынама». А яшчэ зазначае, што беларусы вельмі часта ўзгадваюць сваю перамогу ў Солт-Лэйк Сіці. — Хто такі Стэфан Эрыксан? — На сённяшні дзень гэта прадстаўнік Швецыі ў Беларусі, пасол. На самой справе, хлопец з сярэднестатыстычнай шведскай сям’і. — Як жывецца ў далечыні ад радзімы? — Не пакутую. З дзяцінства любіў вандраваць, напэўна, таму і стаў дыпламатам. Ды і Беларусь — зусім не далёка ад Швецыі. Тым больш зараз ёсць прамы авіярэйс паміж дзвюма паўночнымі краінамі. — Беларусь — паўночная краіна? — Паўночна-ўсходняя:)! Мабыць, так будзе дакладней. —  Як даведаліся, што прыедзеце да нас? На якім этапе кар’еры гэта здарылася? — У 2005 годзе працаваў у Санкт-Пецярбургу. Бачыў, што ў Менску вызвалялася месца (тады тут яшчэ не было пасольства). Мне падавалася цікавым працаваць у сталіцы, а Пецярбург усе ж такі не адміністрацыйны цэнтр Расіі, а культурны. — Адкуль разуменне, што паслу ў нашай краіне трэба размаўляць па-беларуску? — Люблю выклікі, сярод якіх было і вывучэнне яшчэ адной славянской мовы. Разумеў, што ў краіне не зусім простае моўнае становішча. Па рэакцыі людзей бачу, што для беларусаў важна, калі нехта з замежжа размаўляе на мове. — З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся падчас вывучэння мовы? — Валодаючы рускай мовай, не скажу, што меў нейкія праблемы. Мабыць, маўленне трошкі іншае… На вуліцы цяжка так адразу знайсці беларускамоўных. Але мне пашчасціла знайсці тое асяроддзе, дзе можна было б практыкаваць сваю мову. Гэта сустрэчы з моладдзю, прадстаўнікамі культуры і мастацтва, літаратуры і музыкі… Любімыя музычныя гурты? NRM, Зьміцер Вайцюшкевіч, «Крама», «Палац», «J:Морс», «Троіца». Сам напяваю «Тры чарапахі». Яшчэ спяваю ў беларускім хоры. Танчыць яшчэ не спрабаваў, пакуль толькі спяваю. Чытаю ж творы Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Некляева… Насамрэч, шмат добрай беларускай літаратуры. — Як ставіцеся да так званага «чорнага спісу»? — Спадзяюся, што такого спісу ўсё ж няма на Беларусі. — Заўсёды разумееце беларусіх чыноўнікаў? — Любы чыноўнік, неважна — беларус ён ці швед, прымае намаганні, каб рабіць самыя разумныя рашэнні. Упэўнены, што ў сярэднім беларускі чыноўнік — высокага прафесіянальнага ўзроўня. — Вельмі дыпламатычна адказалі. — Натуральна, работа такая:). — Хакей — важная частка шведскага спорту, як і беларускага. Нашы хакеісты з чэмпіянату света ў Славакіі вярнуліся на шчыце, таму чыноўнікі іх жорстка раскрытыкавалі. Ці магло такое здарыцца ў Швецыі? — Зараз вы пра словы міністра спорту Алега Качана? Хутчэй за ўсё крытычна і даволі жорстка гульню сборнай ацэньваюць журналісты. Тым больш, калі ёсць нейкія чаканні. Можна зразумець расчараванне кіраўніка спорту, але няўдалае выступленне беларускіх хакеістаў не пытанне жыцця і смерці. — Памятаеце, як шведскія журналісты раскрытыкавалі вашу каманду пасля паражэння ад нашых хлопцаў на Алімпійскіх гульнях ў Солт-Лэйк Сіці? — Той славуты матч не глядзеў. Але памятаю, як Сала прапусціў шайбу ад Копаця. Тады ўсе шведы пазналі, што такое Беларусь. Трэба адзначыць, што даволі часта беларусы нагадваюць шведам пра гэты матч. — А шведы пра яго памятаюць? — Ёсць і такія. — Тады з чым асацыюецца наша краіна ў шведаў? — Хм… — Пайшла палітыка? — Мабыць, не буду пра гэта гаварыць. Калі пра спорт, то памятаю: Ёнас Бьёркман калісьці выступаў з Максімам Мірным. Усе ведаюць вашу біятланістку Дар’ю Домрачаву, тэнісіста Уладзіміра Самсонова. Ведаю і нават знаёмы з Уладзімірам Парфяновічам. Калі не памыляюся, зараз ён працуе ў Расіі. — А вы прыхільнік якіх відаў спорту? — У дзяцінстве быў слаба развіты інтарэс да спорту, мабыць, выключэннем былі толькі лыжы. Ніколі не падабаліся камандныя віды. Зараз з узростам інтарэс прачнуўся. Іграю ў сквош, займаюся гімнастыкай, бегаю са сваім сабакам у парку Перамогі, катаюся на водных лыжах на Пцічы. — Камандныя віды спорту не падабаюцца. Тады што глядзіце па тэлевізары? — Лёгкую атлетыку, магу паглядзець хакей, калі наша каманда іграе ў фінале, а што да гэтага — не абавязкова. — І як вам 1:6 ад фінаў у апошнім фінале? — Глядзеў першыя два перыяды, калі выйгравалі 1:0. Але потым усё змянілася, і стала ўжо нецікава. — У Мінску апошні хакейны сезон правялі Давід Петрашак і Даніэль Фернхальм, вашыя суайчыннікі… — Так, ведаю, што яны выступалі за мінскае «Дынама», заходзілі да мяне некалькі разоў. Шчыра кажучы, сам на «Мінск-Арэну» не хадзіў. Спачатку вельмі здзівіўся, што шведскія хакеісты апынуліся ў Беларусі. Але, лічу, гэта добра, што такім чынам таксама адбываюцца стасункі паміж дзвюма краінамі. Спадзяюся, хлопцы не зганьбілі шведскі хакей. — Але сышлі з «Дынама». Што ведаеце пра сучасны беларускі хакей? — Нажаль, як раз тое, што ў Менску ігралі два шведа. — А пра беларускі футбол? — БАТЭ, як разумею, вельмі паспяховая каманда, якая станавілася некалькі разоў запар чэмпіёнам краіны, выступае ў Еўропе. — Тады паспрабуем прыгадаць самае яркае ўражанне пра беларускі спорт. — Добра памятаю Алімпійскія гульні ў Мюнхене і выступленне гімнасткі Вольгі Корбут, якую звалі «Вераб’ём з Менску». Гэта першая беларуская спартсмэнка, якую я запомніў. — Палітыку часта называюць бруднай справай, а спорт — палітыкай. Спорт таксама брудны? — Думаю, палітыка не брудная, гэта стэрыятып аб ёй. Калі людзі выбіраюць не тых палітыкаў, у наступны раз яны павінны змяніць іх. Што да спорту, ёсць праблема ўжывання допінгу, але я ўжо не лічу такі спорт спортам. Гэта нешта іншае. — Стэфан, у галаве перакладаеце з адной мовы на другую ці думаеце менавіта па-беларуску? — Не перакладаю. Свабодна магу размаўляць, зразумела, па-шведску, па-ангельску, па-расейску. — Калі кажыце, што «каб стаць еўрапейцам, трэба стаць беларусам», што маеце на ўвазе? — Для кожнага чалавека важна ведаць, адкуль ён. Добра, што беларусы імкнуцца стаць еўрапейцамі, але перш за ўсё яны павінны адчуваць сябе беларусамі, знаць свае карані. — У вас даволі цікавы пакой. Чырвоная сцяна за спіной і тры астатнія — белыя. Як нарадзілася ідэя? — Калі б бачыў чырвоную сцяну на працягу ўсяго працоўнага дня, мабыць, стамляўся б, а так — падабаецца:). На сам рэч, сцяна засталася ад майго папярэдніка. Яшчэ, ведаеце, працую стоячы. Мой стол падымаецца і апускаецца, калі стамляюся. — Вунь, бел-чырвона-белы сцяг у вас знайшоў. — Так, гістарычны сцяг. Ёсць еўрапейскі, сцягі нейкіх шведскіх фірмаў. Падарункі, цацкі… Чаго толькі няма! — На працягу ўсёй размовы, Стэфан, з вашага твару не сыходзіла ўсмешка. Гэта таксама працоўны інструмент дыпламата? — Імкнуся ва ўсім бачыць нешта станоўчае. Жыццё даволі кароткае — трэба ўсміхацца.

«Напяваю «Тры чарапахі»

Люблю выклікі, сярод якіх было і вывучэнне яшчэ адной славянской мовы. Разумеў, што ў краіне не зусім простае моўнае становішча.

«Выступ беларускіх хакеістаў — не пытанне жыцця і смерці»

Памятаю, як Сала прапусціў шайбу ад Копаця. Тады ўсе шведы пазналі, што такое Беларусь. Трэба адзначыць, што даволі часта беларусы нагадваюць шведам пра гэты матч.

«Спадзяюся, Петрашак і Фернхальм не зганьбілі шведскі хакей»

Добра памятаю Алімпійскія гульні ў Мюнхене і выступленне гімнасткі Вольгі Корбут, якую звалі «Вераб’ём з Менску».

«Стараюся ва ўсім бачыць нешта станоўчае»

Добра, што беларусы імкнуцца стаць еўрапейцамі, але перш за ўсё яны павінны адчуваць сябе беларусамі, знаць свае карані.

Показать еще 35