Все новости

«Які хакей, калі краіна на мяжы дэфолту?»

23 ноября 2011, 07:42
13

Павел Татарнікаў перажыў ужо два крызісы і верыць, што ўсё будзе добра Павел Татарнікаў — адзіны ў Беларусі ўладальнік узнагароды «Залаты яблык». Гэта такі «Оскар» для ілюстратараў — людзей, чые малюнкі мы бачым у кнігах, а таксама на вокладках. Вядомы мастак не лічыць, што цяжкасці з фінансаваннем спорту — самае страшнае, што адбываецца ў краіне. Прызывае нашых спартоўцаў раўняцца на НХЛ. А таксама называе вядомага расійскага каментатара «Качкіным» і «хамам». — Хто такі Павел Татарнікаў? — У сувязі з тым, у якім асяроддзі знаходжуся, можна прыдумаць розныя ролі. Але прасцей за ўсё — мастак. — Сустрэліся з вамі ў Акадэміі мастацтваў. Тут знаходзіцца ваша працоўная кніжка? — Мяне запрасілі працаваць у Акадэмію — я пагадзіўся. Цікава быць выкладчыкам, але я тут толькі на 25 адсоткаў ад стаўкі. Чаму? Каб заставаўся час на творчую дзейнасць. — Бачыце ў сваіх студэнтах будучыню беларускай і ўвогуле сусветнай графікі? — Так, таленты нараджаюцца ўвесь час. На гэты працэс не ўздзейнічаюць ніякія апакаліпсісы, крызісы і другія рэчы. Другая справа, як стаць паспяховым мастаком? Тут ужо шмат чыннікаў, чаму ў аднаго атрымоўваецца, а ў яго сябра — не. — У вас атрымалася. Вы сустветна вядомы мастак, уладальнік шматлікіх узнагарод, сярод якіх галоўная – «Залаты яблык». У графіке, кажуць, гэта тое ж самае, што ў кінаіндустрыіі «Оскар». — Так, самы прэстыжны конкурс сярод мастакоў-графікаў — гэта Браціслаўскае біенале кніжнага мастацтва «Залаты яблык». Падчас конкурсу галоўную ўзнагароду атрымоўваюць звычайна пяць мастакоў, таму што працуюць яны ў зусім розных стылях і напрамках, а вызначыць аднаго лепшага немагчыма. Ведаеш, сапраўдная бяда айчынных выдавецтваў сёння — тое, што яны не працуюць з беларускім словам. Каб прыняць удзел у тым жа «Залатым яблыку», трэба каб тваі ілюстрацыі былі да кніжкі, выдадзенай на нацыянальнай мове. Да мяне, напрыклад, ужо амаль дзесяць гадоў не прыходзяць заказы ад дзяржаўных устаноў. І свае «яблыкі» я атрымаў за кніжкі, якія надрукаваны за мяжой. Там яны патрэбны беларусам, а тут — не. Чаму? Вось мы з табой на якой мове размаўляем? — Спрабуем на беларускай! — Ну, вось і адказ! Я магу з табой размаўляць па-руску, па-польску, па-ангельску… Але гэта прынцыпова для мяне, таму размаўляю па-беларуску і спадзяюся, што наша размова на рэсурсе таксама выйдзе на мове. Калі падыйсці да пытання мовы ў краіне па-філасофску, атрымоўваецца, што кошт на беларускую каўбасу наўпрост залежыць ад таго, на якой мове мы размаўляем. У падмурку любога грамадства, тым больш палітычнай нацыі — мова. Кніжны рынак — гэта індустрыя, але ў ёй ёсць свае асаблівасці. Калі побач з табой эканамічна магутная краіна, калі мова, а гэта значыць і прадукт, могуць ўжывацца і там, і тут, зразумела, што некалі нас «закатаюць ў асфальт». Ужо «закаталі» беларускую паліграфію. Не ведаю, як яшчэ расказаць… Беларускамоўная кніжка нікому, акрамя беларуса, не патрэбна. Але і яна знікне праз колькі год, таму што канкураваць на рускамоўным полі не здолее. — Што нам застаецца? Зачыніць мяжу з Расіяй, каб не канкураваць з яе прадуктам? Ці выхад гэта? — Не, трэба клапаціцца аб сваёй мове, пашыраць яе выкарыстанне.Як? Самае простае, каб школа і ўрад перайшлі на мову. Праз дзесяць гадоў становішча, як паказывае сусветная і наша практыка, выпраўляецца. З’явяцца людзі, якім будзе патрэбна беларускае слова, беларуская кніжка. Трэба разумець, што выдаваць кніжкі па-беларуску не будуць палякі, рускія ці літоўцы. Толькі беларусы. Калі гэта ім спатрэбіцца. — Конкурсы мастакоў — не самая аб’ектыўная рэч. Ці аб’ектыўная з’ява — спорт? — Ну вось узяць, напрыклад, футбол. Усё залежыць ад таго, наколькі ўпэўнена сябе адчувае прафесійны клуб. Набіраешь сабе легіянераў, як у кампутарнай гульні. Былі б сродкі. І ўсё! Канешне, далучаееца да бізнэсу і шоў нейкая спартовая частка, але ў падмурку ўсё ж такі грашовыя сродкі. — З наступнага году ўступае ў сілу новая праграма дзяржпадтрымкі спорту. Згодна з ёй, калі прафесійны клуб становіцца чэмпіёнам краіны, яго гульцы маюць права на зарплату з бюджэта ў сем з паловай мільёнаў рублёў. Крута? — Малайцы! Не можа быць? Грошы скончыліся :). Мы — небагатая краіна. Зыходзячы з гэтага і трэба было сябе паводзіць. Згодзен, дзяржава павінна падтрымліваць спорт. Але у першую чаргу — дзіцячыя школы, іншыя спартовыя ўстановы. Але мы лічылі сябе лідэрамі ва ўсіх сферах жыцця, а тут за паўгода выбіліся яшчэ і ў сусветныя лідэры па інфляцыі. Гэта проста жах! — Цяпер спартовыя клубы павінны зарабляць самі, каб зацікавіць нават беларускіх гульцоў. Што тут казаць пра легіянераў! — Так, у прафесійным клубе існуюць нейкія камерцыйныя ўмовы. З якой, прабачце, халеры з маёй кішэні будуць плаціць нейкаму спартоўцу? Як у НХЛ? Купляюць людзі квіткі — вось табе і заробак! — Дык людзі ў нас не прывыклі хадзіць на стадыёны. Вось вы ходзіце? — Не, даўно не быў. Не ведаю, чаму. Няма часу? Так кожны можа адказаць. Але ў аўторак я іду ў джаз-клуб. Відаць, ёсць час. Але на хакей не пайду. Які хакей, калі краіна на мяжы дэфолту? Дэфолт нацыянальнай валюты ўжо прайшоў вясной. Дэвальвацыя двесці працэнтаў — гэта дэфолт. Мы зараз на мяжы суверэннага дэфолту. Гэта больш сур’ёзна. Гэта значыць, што ў нас няма ні на што грошай, і мы яшчэ маем даўгі. У такім выпадку ні на што няма сродкаў. Ні на спорт, ні на культуру, ні на здароў’е. Мы павінны сыходзіць з гэтага пункту гледжання, а не казаць: «О, што будзе са спортам, калі мы перастанем яго падтрымліваць?» — Ну вы і нафарбавалі тут карціну! У чым жа тады шукаць радасць жыцця? — Па-першае, на гэтым жыццё не скончылася :). Я не лічу сябе сталым чалавекам, але на маёй памяці ўжо два крызісы. Перажыў і нічога! Радасць можна атрымоўваць ад сваёй працы, кахання… Марсэль Пруст некалі сказаў, што сапраўднаму мужчыне акрамя мужыцкай радасці, паспяховасці і заможнасці не хапае толькі аднаго — гонару за сваю Радзіму. — Вы спартовы чалавек? — Зараз не… — Па лесвіцы ходзіце ў Акадэміі? — Магу аджацца разоў пяцьдзесят. Столькі ж разоў зрабіць практыкаванне на прэс. У юнацтве актыўна займаўся акрабатыкай, плаваннем, каратэ. — Спорт не зацікавіў, што сталі мастаком? — Не, я, напэўна, яшчэ ў сем год вырашыў, што стану мастаком. Таму спорт для мяне заўсёды быў добрым адпачынкам. Цяпер магу бадай што паглядець нейкія значныя сусветныя спаборніцтва. Напрыклад, чэмпіянат свету па футболе. Заўсёды мару, каб у фінальных гульнях чэмпіянату сустрэліся нардычныя еўрапейскія каманды, такія, як Германія ці Галандыя, з паўднёваамерыканскімі зборнымі — Бразіліяй ці Аргентынай. Чаму? Яркі кантраст. Спалучэнне паўночных і паўднёвых тэмпераментаў — гэта даволі складаная і цікавая палітра. — Можаце назваць сябе заўзятарам нейкай каманды? — Не, я знаходжуся у такім эмацыянальным стане, што мне больш цікавы спакой. Не сачу за спортам, як нейкі фанцік. Але і матчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў бачыў. Чуў, што казаў пра барысаўскі клуб Качкін. Чалавек проста хам. Бачыў матч мінскага «Дынама» з чэхаўскім «Віцязем». Чуў і раней пра гэты расійскі клуб, але ўпершыню пабачыў яго ў справе. Ведаю ўсю гісторю з абмеркаваннем гэтай падзеі. Брыдка! — Калі даць вам у рукі незнаёмую кніжку, на чым засяродзіце ўвагу? — На карцінках! Крытэрый для мяне адзін. — Якімі павінны быць карцінкі? — Такімі, якія б падабаліся мне. Калі я раблю нейкія занатоўкі, павінен разумець, што нават калі гэта дзіцячая кніжка, карцінкі спачатку павінны спадабацца бацькам, у якіх грошы, якія згодна свайму густу выбіраюць кніжкі сваім дзецям. Тое, што мы бачым кітч у кніжках ці кампутарных гульнях, гэта не што іншае, як праява густаў бацькоў, а не дзяцей. Усе ж выбіраюць гамбургеры! Так і тут. Кітчы. — Сучасная лічбавая тэхніка канкурэнт мастаку? — Які канкурэнт можа быць без мазгоў? Тэхніка — толькі інструмент. Што такое фоташоп? Распрацоўшчыкі прагараммы — 50 чалавек. Напэўна, усе мастакі. Але фоташоп сёння не здольны замяніць чалавека. Невядома, ці здолее! — Чым натхняецеся? — Ёсць такая рэч. Мастакі яе ўвесь час паўтараюць. «Апетыт прыходзіць падчас ежы»… Трэба сесці працаваць, і натхненне праз час прыйдзе. Але, безумоўна, ёсць рэчы, якія папраўляюць настрой і даюць натхненне. Напрыклад, сустрэча з сябрамі, блізкім чалавекам. Нейкія асаблівыя інтымныя акалічнасці таксама прыносяць радасць чалавеку. Ведаешь, што? Так цяжка апошнім часам у вялікіх гарадах! У Мінску мне не падабаецца. Не так даўно перабраўся жыць у вясковы дом. Як толькі туды трапляю, атрымоўваю асалоду ад жыцця. У Мінску бываю звычайна па панядзелках і аўтораках, калі ў мяне заняткі ў Акадэміі. — Але ж у сталіцы ўсё ёсць! — Відаць, з пашырэннем сацыялізацыі цяжка засяродзіцца на чым трэба. Час раздзёрты на кавалкі. А ў вёсцы да мяне прыходзіць тое самае натхненне, таму мне там добра!

«Палякі, рускія ці літоўцы выдаваць кніжкі па-беларуску не будуць»

Калі падыйсці да пытання мовы ў краіне па-філасофску, атрымоўваецца, што кошт на беларускую каўбасу наўпрост залежыць ад таго, на якой мове мы размаўляем.

«Няма сродкаў ні на спорт, ні на культуру, ні на здароў’е»

«Качкін проста хам»

«У Мінску мне не падабаецца»

Ёсць рэчы, якія папраўляюць настрой і даюць натхненне. Напрыклад, сустрэча з сябрамі, блізкім чалавекам. Нейкія асаблівыя інтымныя акалічнасці таксама прыносяць радасць чалавеку.

Показать еще 13