Все новости

Наш Super Bowl

2 мая 2012, 14:48
23

Некаторыя спрабуюць рэалізаваць амерыканскую мару ў Беларусі Сёлета фінал чэмпіянату NFL па амерыканскім футболе — Super Bowl — у ЗША глядзелі 111 мільёнаў чалавек, а за 30 секундаў рэкламы ў яго перапынку прасілі 3,5 мільёны даляраў. У краях Дзядзькі Сэма амерыканскі футбол — спорт намбэр ўан, рэаліці-шоу і бізнес з абаротам памерам з палову беларускага ВУП. У нашай краіне вечна лядовых палацаў заакіянскі цуд пакуль толькі выпаўзае з цемры. Дапамагаюць яму ў гэтай нялёгкай справе менскія каманды «Зубры» і «Ліцвіны». 34mag тыдзень пратусаваўся з імі, каб дакрануцца да амерыканскай мары ў цэнтры Еўропы і павялічыць выпрацоўку тэстастэрону перад пачаткам вясны. — Хто мы? — Зубры! — Хто пераможа? — Мы! Не па-беларуску гучныя і агрэсіўныя крычалкі парушаюць спакой спартовага комплексу «Алімпійскі», у якім увогуле лунае дух Алімпіяды-80: шпітальныя калідоры, бабулі-вахцёркі і радаснае «Вітаем удзельнікаў спаборніцтваў!» на сцяне. Нягледзячы на гратэскны антураж будынку, паступова з’яўляецца адчуванне, што ты трапіў у амерыканскую моладзевую камедыю пра бравых юнакоў з коледжа. 50 моцных хлопцаў з «Зуброў» – першай беларускай каманды па амерыканскім футболе — актыўна перакідваюць кінематаграфічны авальны мяч, на падлозе блішчаць іх жоўтыя шлемы, а збоку дзівосныя піруэты дэманструюць прыгажуні з мясцовай сheerleading team. «Зубры» з’явіліся ў 1991 годзе і ажно да 2010-га былі адзінымі аматарамі найбольш амерыканскай гульні ў краіне, дзе кожны амерыканец — патэнцыйны агент Дзярждэпа. «На пачатку 1990-х з’явіліся людзі, якія недзе нешта паглядзелі і пачалі спрабаваць развіваць амерыканскі футбол (далей АФ — рэд.) у Беларусі, — распавядае галоўны трэнер «Зуброў» Андрэй Бавуцін. – Потым прывезлі з ЗША Монтэ Кларка — былога трэнера каманды Detroit Lions. Паўтара месяца ён займаўся з намі, вучыў усім асновам. Здаровы быў мужык: яму нават адмысловы ложак замаўлялі, такі ён быў высачэзны». Пакуль гульцы бегаюць па коле і адціскаюцца, дружна скандуючы назву роднай каманды, я слухаю падрабязны расповед пра слаўную гісторыю «Зуброў». На пачатку 1990-х яны тройчы перамаглі на чэмпіянаце СНД і нават ездзілі на амерыканскую зямлю біцца з тамтэйшымі студэнтамі. Апошнія тры гады «Зубры» займалі другое месца ў адкрытым чэмпіянаце Украіны. Уражальныя вынікі. Асабліва ўлічваючы, што ўсе дзяржаўныя грошы, мабыць, сышлі на будаўніцтва «Бабруйск-Арэны», і амерыканскаму футболу не перапала ні капейчыны. «Зуброў» фінансуе прыватны Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. Тут АФ — галоўны спорт. Прэзідэнт клуба — рэктар універсітэта Алег Марозаў, галоўны трэнер — выкладчык фізры, а шмат хто з гульцоў — цяперашнія або былыя студэнты. Арэнду залы і амаль усю форму аплочвае інстытут, некаторыя элементы рыштунку купляе адзін з фінансава незалежных гульцоў, сёе-тое пры неабходнасці набываюць за свае грошы. Вядома, ніякага заробку гульцы не атрымліваюць. Сапраўдная selfmade-story на прыкладзе цэлай спартовай каманды. Пракачаўшыся ў побытавых пытаннях існавання АФ у РБ, іду адвесці душу да прыгажунь з сheerleading team. Зразумела, цікаўлюся лірычнымі пытаннямі. «Усякія адносіны ў камандзе паміж дзяўчатамі і гульцамі забароненыя, — распавядае Крысціна, лідарка GO-GO Mіnsk Zubrs. – Гэта перашкаджае. Але бываюць асобныя выпадкі. Напрыклад, я тыдзень таму выйшла замуж за аднаго з «Зуброў». У камандзе падтрымкі цяпер 6 дзяўчат, у саміх «Зубрах» – 46 хлопцаў ва ўзросце ад 18 да 42 гадоў. Асобна займаюцца больш за 30 неафітаў, якія ў перспектыве могуць трапіць у аснову. Трэніроўкі бясплатныя, і цяпер нават ідзе набор. Але нагрузкі жорсткія — таму перш як ажыццяўляць сваю амерыканскую мару, варта рэальна ацаніць уласныя фізічныя здольнасці. «У нас тры футбольныя трэніроўкі на тыдзень і яшчэ тры ў трэнажорнай зале, — распавядае гулец «Зуброў», упарта закручваючы нейкія гайкі ў свой шлем. – Праз месяц здаём нарматывы: жым штангі і бег. Апошнім часам яшчэ траўмы замучылі: то пералом, то страсанне. Вось палец нядаўна паламаў — цяпер не згінаецца». Гульцы спрабуюць пазнаёміцца з нашай дзяўчынай-фатографам, а я распытваю пра традыцыі ды камандны дух. «Каб трапіць у каманду абароны, трэба прынесці дзве скрыні піва, скрыню гарэлкі і закусі, — кажа Жора з «Зуброў». – Яшчэ пасля кожнай пераможнай гульні абліваем трэнера вадой. Сёлета збіраліся на прагляд фіналаў канферэнцый і Super Bowl у Orange Club. Прыходзіла па 20–30 чалавек. Наогул, імкнёмся сачыць за NFL і чэмпіянатамі коледжаў. Дзякуй торэнтам». «Бярыце дошку ды ідзіце наверх. Зараз пачнецца тэарэтычны занятак!» – тонам, які не прадугледжвае дыскусій, загадвае магутны мужчына ў чырвоным спартовым касцюме. Мы на трэніроўцы «Ліцвінаў» – яшчэ адной менскай каманды па АФ. Заняткі нечакана пачынаюцца з лекцыі. Адзін з трэнераў крэсліць на дошцы мудрагелістыя схемы, 50 хлопцаў у фірмовых чырвоных шапках уважліва слухаюць і зрэдку задаюць пытанні. У свядомасці большасці беларусаў АФ — дзіўная сумесь бегу з перашкодамі і дваровай бойкі. Трэнер «Ліцвінаў» Аляксандр Куксо сцвярджае, што галоўная заакіянская забава бліжэйшая да шахмат, чым да рэслінгу: «Гэта не той від спорту, дзе сэнс вычэрпваецца прымітыўнай схемай «лупі-бяжы». АФ больш нагадвае шахматы, у якіх за кошт захопу тэрыторыі ды адмысловай стратэгіі ідзе рух наперад. Перад кожнай гульнёй ствараецца план, на кожнай трэніроўцы развучваюцца камбінацыі». Ліцвіны існуюць з восені 2010-га. Сярэдні ўзрост гульцоў — 20 гадоў. Трэнеры — выхадцы з «Зуброў», якія сумяшчаюць амерыканскі футбол з міралюбнымі прафесіямі будаўніка і юрыста. Ніякай спонсарскай дапамогі каманда пакуль не бачыла, і фінансуецца пераважна самімі ж трэнерамі. Гульцы плацяць Вr 120 000 на месяц за арэнду залаў. Дарэчы, трэнеры — не толькі вялікія энтузіясты амерыканскага футболу, але і заўзятыя патрыёты нашай шматпакутнай радзімы. «Заснавальнік «Ліцвінаў» Ігар Жукоўскі быў сапраўдным беларусам. Калі ён арганізоўваў клуб, то хацеў, каб у амерыканскім спорце прысутнічала нешта аўтэнтычнае, беларускае. Так нарадзіліся назва «Ліцвіны» і наш герб. Таксама нядаўні турнір вырашылі назваць імем Вялікага князя Вітаўта», — распавядае Алег Каралевіч, адзін з трэнераў. Маладыя гульцы «Ліцвінаў» не скупяцца на эпітэты, распавядаючы пра сваю любоў да амерыканскага футбола. Яны масава ўжываюць словы «камандны дух», «адрэналін» і «агрэсія» ды, па-амерыканску ўсміхаючыся, заяўляюць, што толькі ў гэтым спорце ёсць шанец «і падумаць, і папі…ца». «Гэта самы выдатны від спорту, калі-небудзь прыдуманы чалавецтвам, — сцвярджае «ліцвін» Раман. – Тут ёсць і адрэналін, і агрэсія, і тактыка. Я пры аргазме не адчуваю такога задавальнення, як падчас гульні ў АФ». У 2010 годзе была створана не толькі каманда «Ліцвіны», але і Беларуская федэрацыя амерыканскага футбола, якая хоць неяк спрабуе адшукаць грошы для развіцця АФ у краіне. Ужо ёсць каманда ў Наваполацку, пачынаецца рух у Віцебску, Горадні. Ёсць план стварыць чэмпіянат Беларусі. Слухаючы палымяныя прамовы трэнераў і заўважаючы энтузіязм саміх футбалістаў, у гэты цуд хочацца паверыць. Бо што такое тая самая амерыканская мара, як не магчымасць на пустым месцы зрабіць тое, чаго ты прагнеш усёй душой? Карысныя лінкі Minsk Zubrs: Суполка: http://vk.com/zubrs  Сайт: http://zubrs.ucoz.ru/ Форум: http://zubrs.4bb.ru/ Litwins: Сайт: http://litwins.by/ Суполка: http://vk.com/minsk_litwins

Part 1. Minsk Zubrs

«Усякія адносіны ў камандзе паміж дзяўчатамі і гульцамі забароненыя. Але бываюць асобныя выпадкі. Напрыклад, я тыдзень таму выйшла замуж за аднаго з "Зуброў»

Part 2. Litwins

«Я пры аргазме не адчуваю такога задавальнення, як падчас гульні ў амерыканскі футбол».

Показать еще 23