Усе навіны

Віталь Гуркоў: «Дрэннае судзейства на гэтым першынстве Еўропы для мяне сюрпрызам не стала»

9 августа 2013, 21:38

Віталь Гуркоў, дзесяціразовы чэмпіен свету па тайскім боксе, распавеў, чаму нашых спартсменаў засуджваюць на міжнародных спаборніцтвах.— Дрэннае судзейства на гэтым чэмпіянаце для мяне сюрпрызам не стала. Проста гэтым разам нахабства арбітраў перайшло ўсе межы. Есць выключна палітычныя моманты, калі рэферы прасоўваюць байцоў з краіны, якая прымае міжнароднае спаборніцтва. І існуе зусім нязначны працэнт, што пры роўным баі са спартсменам-гаспадаром перамогу прысудзяць табе. Цікава, што падобнае адбываецца паўсюль, але толькі не ў Беларусі. Помню, як на чэмпіянаце Еўропы па боксе, які прымаў Мінск, суддзі проста не пускалі нашых баксераў ў наступныя стадыі. Гэта была сапраўдная дзяльба медалеў. Мяркую, трэба мець у міжнародных федэрацыях уласных прадстаўнікоў, якія здолеюць не толькі дапамагаць сваім хлопцам, а зробяць так, каб нам не перашкаджалі нармальна спаборнічаць. Вы толькі ўявіце: на апошнім першынстве Еўропы па тайскім боксе агулам узялі 10 допінг-проб, з якіх 4 належалі беларусам. Гэта ўжо прадузятае стаўленне.— Помніце, калі вас адкрыта засуджвалі?— На леташнім чэмпіянаце свету ў Расіі. У фінале я сустракаўся менавіта з расіянінам. Калі толькі перабраўся цераз канаты, адразу заўважыў, што судзіць будзе рэферы, які ўжо раней не даваў мне нармальна працаваць на рынгу. Тады я паглядзеў на іншых суддзяў і сярод іх заўважыў венгра. Ну, венгр венграм. Да нацыянальнасці я не стаўлюся непрыязна. Аднак ен ужо не першы год жыве ў Маскве, працуе ў тамтэйшай федэрацыі, трэніруе і судзіць спаборніцтвы. Вось тады я і зразумеў, што шанцаў у мяне на поспех замала. Пры роўным баі перамогу аддалі майму саперніку.— У партугальскім Лісабоне беларусы пайшлі на кардынальны крок — выйшлі на рынг усей дэлегацыяй і адмаўляліся яго пакідаць, пакуль не будзе прыняты пратэст наконт дрэннага судзейства.— Усеатрымалася спантанна. Наш Дзмітрый Варац чыста перамог свайго расійскага апанента. Суддзі вырашылі інакш і нарваліся на свіст трыбун. Нас падтрымалі прадстаўнікі іншых дэлегацый, і першымі на рынг выйшаў наш трэнерскі штаб, а пасля ўсе астатнія. Пратэст зацвердзілі, і пасля перагляду ўсе 5 арбітраў заслужана аддалі перамогу нашаму байцу, — распавеў Гуркоў газеце «Звязда».Нагадаем, ліпень для Віталя Гуркова выдаўся насычаным на падзеі. Найперш гэта тычыцца першынства Еўропы, дзе Гуркоў заваяваў «золата», у чарговы раз даказаў, што ў сваёй вагавой катэгорыі лепш за яго ў Старым Свеце нікога няма.