Павел Баранаў: «Без мовы мы не станем самадастатковай еўрапейскай нацыяй»

Беларускі каментатар Павел Баранаў выказаў свае адносіны да працы на роднай мове.

— Увогуле на чэмпіянаце свету засталося правесьці ўсяго два матчы — фінал і гульню за трэцяе. Паводле нашага раскладу выходзіць, што Ўладзімір Навіцкі будзе камэнтаваць фінал, матч за бронзу — у Аляксандра Дзмітрыева, нас у спісах ужо няма. Разам з тым, сапраўды, ёсць людзі, якія пішуць, скажам так, пэтыцыю на БТ, просяць, каб паралельна мы з Дзмітрыем Герчыкавым правялі фінал на «Беларусь-5», адпрацавалі на беларускай мове. Але адносна гэтага нічога ня ведаю, пакуль мне ад кіраўніцтва ніхто не тэлефанаваў. Напэўна, наўрад ці такое здарыцца, бо расклад ёсць расклад. Вядома, усякае можа быць: калі пераканаюць нашага старшыню, ён можа валявым рашэньнем змяніць праграму і дазволіць. Як мы гэта, дарэчы, рабілі пад сэзон Лігі чэмпіёнаў: на многія матчы — паўфінал, фінал, напрыклад — рабілі паралель на тэлеканалах «Беларусь-1» і «Беларусь-5». Такое таксама магчыма. Праўда, тут ёсць пэўныя меркаваньні кіраўніцтва, каб фінал быў, скажам, толькі на тэлеканале «Беларусь-2». Таму я ведаю толькі тое, што ў гэтым пляне ёсьць нейкі рух, каб папрасіць старшыню прызначыць нас паралельна на фінал. Але што я ведаю на дадзены момант, дык справа менавіта такая: мы ўжо на чэмпіянатах свету сваё адпрацавалі, і пакуль у раскладзе мяне асабіста няма. З чыстым сумленьнем можна адпачываць.

— Павал, вы ўжо казалі, што беларускамоўнае камэнтатарства — цалкам ваша ініцыятыва, а цяперашняя сытуацыя на БТ такая, што ніхто нікога не абмяжоўвае, але і не прымушае. Ці правільна я зразумеў?

— Я не хвалюся ніякім чынам, што гэта мая ініцыятыва. Наадварот, у гэтым сэнсе я, хутчэй, выказваю ня тое што сваё задавальненьне, а нейкі сум нават — што ўсё залежыць ад асабістай ініцыятывы таго ці іншага чалавека, камэнтатара. Так не павінна быць, бо павінна быць практыка, такая, калі жадаеце, палітыка, каб усё больш было камэнтатараў, якія працуюць на роднай мове. Аднак не прымусіш жа нікога, улічваючы, што ў дзяржаве дзьвюхмоўе. Таму здорава, што ўвогуле ёсць такая магчымасць працаваць на дзвюх мовах. Бо я чуў, вядома, меркаванні наконт таго, што ў нас, у камэнтатараў, лёгкі выбар — маўляў, на якой мове пажадаеш, на той і працуй. Цяпер, магчыма, і так, з улікам, што ўжо такая практыка ёсць, што ёсць да каго звяртацца — я маю на ўвазе наш вопыт, наш прыклад. Але пры гэтым, калі я толькі пачынаў, гэта насамрэч было вельмі няпроста. Людзі, ад якіх гэта залежала, і так асабліва мову не віталі, яны заўсёды прыкрываліся аднымі і тымі ж фразамі. У тым сэнсе, што, вядома ж, мова — гэта цудоўна, але каб працаваць на мове ў эфіры, трэба працаваць ідэальна. Што само па сабе ўжо смешна, улічваючы, што ідэальна не працуе, напэўна, ніхто ў свеце, нават на сваіх родных мовах. Заўсёды ёсць нейкія недарэчнасьці, недасканаласьці і ўсё астатняе. І працаваць дасканала на мове, нават калі пасадзіць за мікрафон нашых цудоўных актораў ды паэтаў — я вас проста запэўніваю, што рэпартаж атрымаецца няхай сабе ня з моўнага, дык з іншага пункту гледжання, мякка кажучы, непрафэсійны. І тут нічога асаблівага няма. Патрэбна практыка ў першую чаргу, вось і ўсё.

— Ці можна казаць, што факт наяўнасці беларускай мовы ў вашых рэпартажах сведчыць пра змену стаўлення ў лепшы бок?

— Ну, тое, што ўжо ўдалося зрабіць, гэта пацвярджае. Спачатку, два гады таму, — пачаць камэнтаваць чэмпіянат Беларусі на роднай мове, потым чэмпіянат Англіі па-беларуску, потым Лігу чэмпіёнаў на мове, нават адпрацаваў фінал Лігі чэмпіёнаў. І нарэшце кульмінацыяй, зразумела, чэмпіянат свету. То бок тое, што ўдалося гэта зрабіць увогуле, удалося зрабіць так, што кіраўніцтва не перашкаджала, а, наадварот, такія высілкі падтрымала — вядома, бяз лішняй сціпласці скажу, што гэта велізарная перамога. Я рады, што наша праца, мая ў пары з Дзмітрыем Герчыкавым, была ацэненая даволі высока. Так што такое пытанне, што мовы, маўляў, мала, магчыма, людзі і маюць права задаваць з вонкавага боку. Але я, ведаючы сытуацыю знутры, ведаючы ўвогуле, як гэта ўсё адбывалася, паколькі я сам непасрэдны ўдзельнік таго працэсу, скажу, што можна толькі парадавацца таму, што ёсьць магчымасьць вярнуць беларускую мову ў эфір, вярнуць беларускамоўны рэпартаж, разьвіваць яго, працаваць надалей з гэтым. Асабіста мне гэта прыносіць велізарнае задавальненьне, таму што гэта вельмі цікавы працэс, клясны працэс, і я толькі чакаю, што зьявяцца яшчэ камэнтатары, якія гэты рух падтрымаюць і мы будзем у гэтым сэнсе працаваць надалей разам.

Ужо не раз казаў і цяпер скажу рэч даволі патасную: «Мова — гэта душа народа». І насамрэч гэта праўда. Гэта адлюстроўвае толькі тое, што бяз моўнага асяроддзя дасканалай, суцэльнай нацыі, стопрацэнтнай нацыі проста не атрымаецца. Лішні раз у гэтым пераконваюся, калі выяжджаю за мяжу, гляджу, як жывуць тыя ці іншыя людзі ў тым ці іншым асяродзьдзі, у той ці іншай краіне, і бачу, што мова для іх — гэта сродак яднання. Гэта дазваляе ім адчуваць сябе сапраўдны народам. А мы, беларусы, — мы суцэльная, натуральная, еўрапейская нацыя. І мы павінны застацца гэтай еўрапейскай нацыяй. А без мовы гэткай самадастатковай, еўрапейскай нацыяй мы не станем аніяк, – сказаў Баранаў.

Источник: svaboda.org
Популярные комментарии
tihan111
0
Есць людзi якiя змагаюцца за мову!!! Рэспект iм!!!
Horad.Barysaŭ
+21
Вось няхай зробяць эфір на дзьвух каналах, і паглядзім, які з іх будзе больш папулярным. Упэўнены, што большасць захоча глядзець на роднай мове. Праблема ў тым, што не ва ўсіх Беларусь-5 ёсць. Баранава на цэнтральныя каналы! Вялікі дзякуй вам за вашу працу, Павал.
крутыш
+14
Самый адекватный комментатор на телевидении. Успехов Вам Павел!
Написать комментарий 10 комментариев
Реклама 18+