Все новости

Сяргей Пузанкевіч: «Ува мне сядзяць дзве стрэмкі, адна – гэта чацвертае месца, другая – тое, што прозвішчы гульцоў падпісаны не на роднай мове»

26 декабря 2014, 11:27
11

Прэс-аташэ «Тарпеда-БелАЗ» Сяргей Пузанкевіч распавеў пра абставіны, якія прывялі да адмовы ад беларускай мовы ў напісанні прозвішчаў на майках.

- Жодзінскае «Тарпеда» нядаўна славілася на ўсю Беларусь тым, што прозвішчы футбалістаў на майках падпісваліся на роднай мове. Каманда магла нават гуляць кепска, аднак пра «Тарпеда» дзякуючы мове ўсё адно гаварылі. Хто ўсё-ткі вырашыў адмовіцца ад беларускай мовы на футболках?

– Гэта мая недапрацоўка, бо я мусіў пераканаць кіраўніцтва клуба ў тым, што нам не толькі важна адраджаць мову, але і ў тым, што яна стала сапраўднай «фішкай» нашай каманды. Па беларускай мове «Тарпеда» пазнаюць. З 2007 па 2011 гады мы гулялі з надпісамі па-беларуску, прычым за гэта рашэнне прагаласавала большасць заўзятараў на афіцыйным сайце клуба. Потым Сяргей Гурэнка сказаў мне, што футбалісты выказаліся за рускую мову, але маё асабістае апытанне паказала тое, што такога апытання перад усёй камандай ніхто не ставіў.

Перад гэтым сезонам ужо дырэктар клуба Міхаіл Яўгенавіч Хлус сказаў, што трэба па-руску. На жаль, я не пераканаў яго, хаця Крывушэнка быў ня супраць. Трэба было пажартаваць у размове з дырэктарам. Варта было сказаць яму: «Добра, напішыце і сваё прозвішча на рускай мове». А потым спытаць у футбалістаў: «Хлопцы, чым вы думаеце? Як вы можаце падпісваць кантракты з дырэктарам па прозвішчы Хлус, перакладзіце гэтае слова на рускую мову, няўжо ня страшна?!»

Так, мова, на якой падпісаны прозвішчы, не прымусіць каманду гуляць лепш ці горш, але я веру, што мы вернемся да беларускамоўнага напісання, гэта наша «фішка». Можна сказаць, ува мне сядзяць дзве стрэмкі, адна — гэта чацвертае месца, другая — тое, што прозвішчы гульцоў падпісаны не на роднай мове

Для мяне праца менавіта па-беларуску даўно стала традыцыяй, ад гэтага адступіць нельга. Выдатна, што федэрацыя накіравана ў гэты бок. Мне давялося двойчы працаваць дыктарам на «Барысаў-Арэне» падчас матчаў нацыянальнай зборнай.

Я адразу сказаў: «Вы ж разумееце, што я буду рабіць абвесткі на беларускай мове?» А мне: «Так нам па-беларуску і трэба!» Я быў прыемна здзіўлены гэтым. З дыктарам з Гомеля я асабіста знаёмы, у веданні беларускай мовы і непасрэдна дыктарскай працы ён стаіць значна вышэй за мяне. Мала хто заўважае, што беларускую мову выкарыстоўвае і дыктар у Брэсце — ён пажылы чалавек, аднак ад 90-х гадоў і па сёння карыстаецца беларускім словам. Хачу падкрэсліць і працу бабруйскай «Белшыны». Я магу пажадаць хлопцам толькі адно — не спыняцца на гэтым, а надалей прапагандаваць нашу мілагучную мову. І мінскае «Дынама» стараецца. Калі раней я быў ледзьве не адзіным, хто працаваў дыктарам на беларускай мове, то цяпер яна гучыць на многіх стадыёнах краіны.

Вельмі добра, калі мне пасля інтэрнэт-трансляцый, якія я каментую, тэлефануюць і ўказваюць на памылкі. Патэлефанаваў нават сябра з-пад Жлобіна і па пунктах расклаў мне, дзе і ў чым я памыляўся. Мовы стала больш, і гэта трэба развіваць, пашыраць. А мае каронныя фразы пайшлі ў народ, на вуліцы часам кажуць: «ДзякуйЗаГульню, прывітанне!»

Але не магу забыць і негатыў. Цяпер гісторыя Беларусі ў школах выкладаецца на рускай мове, гэта нонсэнс! Трэба вяртацца да таго, што гісторыя і геаграфія Радзімы павінны весціся выключна на беларускай мове. Цяпер да людзей дайшло, што мова — не праява нейкай вясковасці ці апазыцыйнасці, а прыкмета таго, што чалавек шануе сваю родную зямлю, – распавеў Пузанкевіч.

Показать еще 11