АБФФ і культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» запускаюць творчы конкурс «Мова – Музыка – Футбол»

Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» запускаюць творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол». У яго рамках кожны жадаючы можа запісаць песню на беларускай мове і стаць уладальнікам цэлага шэрагу прызоў.

Творы павiнны мець сюжэт, які адпавядае агульнай тэматыцы:

— футбол і заўзятарства ў самым шырокім сэнсе, актыўная падтрымка беларускай зборнай, клубных каманд і наведванне футбольных матчаў;

— патрыятызм і любоў да Беларусі, гонар за яе спартыўныя поспехі;

— спалучэнне беларускай мовы і спорту.

Песні на конкурс з пазнакаю «Мова — Музыка — Футбол» прымаюцца ў аўдыё- і відэафарматах да 1 снежня на e-mail: artsiadziba@gmail.com у трох варыянтах:

— гатовыя студыйныя запісы (якасна запісаныя песні, што не патрабуюць перазапісу і дадатковай працы, якія раней публікаваліся ці не);

— дэмазапісы (часткова гатовыя запісы, якія патрабуюць дадатковай студыйнай працы);

— чарнавікі (песні, запісаныя ў хатніх умовах ці на рэпетыцыі, канцэртныя запісы, відэазапісы з выкананнем песні).

Конкурс пройдзе ў шэсць этапаў, якiя ў тым лiку ўключаць у сябе падрыхтоўку і выданне дыска-складанкі, здымкі кліпа, а таксама музычны фестываль з удзелам пераможцаў і фіналістаў конкурсу.

Адбор фіналістаў і вызначэнне пераможцаў шляхам галасавання з выбываннем будзе праводзiцца ў некалькі этапаў: чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал. Балы будуць падсумоўвацца з рашэнняў абранага журы, вынікаў галасавання ў сацыяльных сетках і на сайтах АБФФ, «Арт Сядзібы» і інфармацыйных партнёраў.

У выніку конкурсу будуць вызначаныя тры пераможцы:

1 месца: здымкі кліпа, студыйны запіс песні, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі зборнай;

2 месца: студыйны запіс, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё;

3 месца: студыйны запіс, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекту.

Пераможцы ў дадатковых намiнацыях атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу. Падрабязней пра праект «Мова — Музыка — Футбол», а таксама пра ўмовы ўдзелу ў iм можна даведацца на bff.by.

Источник: АБФФ
Реклама 18+
Популярные комментарии
Zhodzinski
0
Файны рух
Написать комментарий
Реклама 18+