Все новости

Валерый Iсаеў пра Базанава: «Самы карысны ўчынак, якім ён мог бы дапамагчы нашаму футболу, – гэта шчырае падпісанне заявы аб сваім звальненні»

17 декабря 2020, 11:44
2

Футбольны агент Валерый Iсаеў распавёў пра сваё стаўленне да кіраўніка АБФФ Уладзіміра Базанава і яго намесніку Юрыю Вяргейчыку.

– Былы ваенны камісар Брэсцкай вобласці Базанаў узначаліў футбольную федэрацыю вясной 2019-га замест Румаса. Ці паспелі за гэты час скласці ўражанне пра гэтага чыноўніка?

– Блізка з ім не знаёмы, але мы кантактавалі яшчэ тады, калі ён калісьці уваходзіў у апякунскую раду брэсцкага «Дынама». Я не абмяркоўваю ягоныя асабістыя рысы. Напэўна, ён добры вайсковец, але ваенкам не мусіць займацца футболам. Людзі, якія прызначылі яго кіраўніком БФФ, зрабілі памылку, бо ўсё што там робяць, ідзе на шкоду футболу.

Просты прыклад. У федэрацыі ўсталявалі турнікеты. Зразумела, там не павінен быць прахадны двор, але гэта месца для творчасці, для ідэй, канферэнцый, перамоў, куды мусяць прыходзіць ахвотныя, а ў выніку там стварылі нейкую закрытую секту.

Сёлета ў Беларусі адбыліся дзве падзеі, «дзякуючы» якім пра нас даведаліся ў свеце. Гэта чэмпіянат, які праводзіўся падчас пандэміі, і выбары прэзідэнта. Самы карысны ўчынак Базанава, якім ён мог бы дапамагчы нашаму футболу, – гэта шчырае падпісанне заявы аб сваім звальненні. У краіне дастаткова людзей, якія могуць прыносіць карысць Беларусі і гэтаму віду спорту.

– Базанаў – гэта галоўны футбольны антыгерой года?

– Хутчэй за ўсё, ён громаадвод федэрацыі.

– А хто тады антыгерой?

– Ты ж разумееш, што Базанаў не настолькі разбіраецца ў тонкасцях футбола і не ён займаецца кадравай палітыкай. Для мяне антыгероем з’яўляецца другі чалавек. Там ёсць галоўны «рэфарматар» беларускага футбола. Мяркую, разумееш, пра каго я кажу.

– Ягоны намеснік Юрый Вяргейчык?

– Так, Вяргейчык не ставіць задачу зрабіць нешта добрае ў футболе, а бачыць сябе ў федэрацыі, бачыць сябе пры ўсіх прызначэннях і пры прыняцці важных рашэнняў.

Як толькі ў БФФ змянілася кіраўніцтва, я дамовіўся пра сустрэчу наконт праекта развіцця масавага футбола. Прыехаў у федэрацыю разам з хлопцамі, якія працяглы час займаюцца масавым футболам у рэгіёнах. Нікому гэта не было цікава. Хлопцам нават слова не далі. Замест гэтага далёкія ад футбола людзі расказвалі гісторыі пра няправільныя фінансавыя выдаткі былога кіраўніцтва федэрацыі і БАТЭ. Я ў той момант зразумеў, што закрытасць, хамства, помста, зайздрасць будуць у найбліжэйшыя гады панаваць у футбольнай федэрацыі – у, па сваёй сутнасці, даволі творчай і жыццярадаснай арганізацыі, – сказаў Iсаеў.