У Рэчыцы затрымалі ўдзельніка пратэстаў з асяроддзя футбольных заўзятараў

У Рэчыцы затрымалі ўдзельніка пратэстаў з асяроддзя футбольных заўзятараў, паведамляе palesse.press.

29-гадовага чалавека абвінавачваюць у арганізацыі групавых беспарадкаў, спалучаных з непадпарадкаваннем міліцыянтам.

Затрыманне жыхара Рэчыцы Максіма Ялканава праводзілі супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК. Інфармацыю аб затрыманні пацьвердзіў тэлеграм-канал МУС Беларусі. Паводле сілавікоў, Ялканаў у жніўні мінулага года  «падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Рэчыцы і Гомелі арганізаваў групавыя беспарадкі, спалучаныя з непадпарадкаваннем міліцыянтам».

Міліцыянты паведамляюць, што Ялканаў з’яўляецца прыхільнікам неанацысцкай ідэалогіі. Але, як удалося даведацца palesse.press ў знаёмых Максіма, яны ніколі не заўважалі за ім нейкіх паводзінаў, якія б сведчылі пра ягоную прыхільнасць да неанацызму. Ялканава затрымалі на працы 9 сакавіка. Яго папрасілі праехаць для гутаркі да следчага, але на волю ён так і не выйшаў. Увечары 10 сакавіка з’явілася інфармацыя МУС пра ягонае затрыманне.

У дачыненні да Ялканава завялі крымінальную справу аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем прадстаўнікоў улады. Гэтае злачынства прадугледжана артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса (да двух гадоў зняволення). Зараз Ялканаў зняволены ў ІЧУ ў Гомелі. 

Реклама 18+