Все новости

Галоўны партнер «Шахцёра» «Беларуськалій» упершыню бярэ крэдыты на заробкі («Наша Ніва»)

7 апреля 2022, 09:39

Паводле «Нашай Нівы», «Беларуськалій», які з’яўляецца галоўным партнерам «Шахцёра», упершыню звярнуўся па крэдыт на заробкi. Гэта звязана з катастрофай у лагістыцы ў выніку санкцый Еўрасаюза і ЗША, якiя абумоўлены тым, што з 24 лютага працягваецца ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Паводле суразмоўцаў «Нашай Нівы», тры з пяці рудаўпраўленняў на «Белкаліі» фактычна не капаюць і не адгружаюць солі. Невялікія адгрузкі на экспарт з прадпрыемства працягваюцца – «па дробязі спрабуюць распіхаць праз Расію, бо матэматыка калію цяпер дазваляе зарабіць нават такім чынам», для чаго хапае моцы двух руднікоў.

– Чаканы тэрмін гатоўнасці тэрмінала пад Санкт-Пецярбургам, праз якія можна было б вазіць калій морам пасля блакавання ў Літве – толькі канец 2023 года, і гэта аптымістычныя ацэнкі, якія закладваліся яшчэ да вайны, – кажа суразмоўца «Нашай Нівы».

Таксама паведамляецца, што вялікі лагістычны ўдар «Беларуськалій» атрымаў пасля арышту Украінай ва ўмовах ваеннага становішча пяці тысяч вагонаў беларускай чыгункі. Кожны з такіх вагонаў каштуе каля 80 тысяч долараў. Яшчэ да іх арышту існавалі планы замовіць на «Уралвагонзаводзе» дадатковыя тры тысячы, але цяпер трэба восем.

– «Беларуськалій» упершыню звярнуўся да аднаго з дзяржаўных банкаў для фінансавання выплаты заробкаў работнікам, – дадаў суразмоўца «Нашай Нівы».

Нагадаем, «Трыбуне» стала вядома, што ў некаторых футбалістаў «Шахцера» заробкі значна перавышаюць усталяваны ліміт і трымаюцца на ўзроўні 15-20 тысяч долараў. Пры гэтым у клубе існуюць праблемы з тэрмiнамi выплаты грошай.