Все новости

Валерый Макарэвіч: «Беларуская мова мае велізарнае значэнне для людзей. Гэта падмурак, на якім трымаецца нацыя»

22 мая 2022, 10:49
2

Былы брамнік зборнай Беларусі па пляжным футболе Валерый Макарэвіч, які зараз трэніруе брамнікаў «Крумкачоў», у інтэрв’ю клубнай прэс-службе выказаўся пра каштоўнасць беларускай мовы.

– Валер, колькі працэнтаў часу ў паўсядзённым жыцці вы размаўляеце на беларускай мове? Колькі на рускай ці якой іншай?

– Я не падлічваў, але магу вам сказаць, што ўвесь час дома мы размаўляем па-беларуску, дзеці таксама. На вуліцы, скажам так, з людзьмі, якія разумеюць беларускую мову, я размаўляю па беларуску. У працэнтных суадносінах... Цяжка сказаць, напэўна, 70 на 30. 

– Часта можна пачуць, што брамнікі – дзівакі, людзі з куляй у галаве. Ці можна разглядаць ваша захапленне беларускай мовай як частку гэтага? Ці хтосьці ўзгадваў у гэтым сэнсе вашу беларускую мову?

– Напачатку былі такія думкі і выказванні ў мой адрас: «А што з табой нарабілася? Чаму так сталася? Усё ж было добра, размаўляў па-руску, а тут раптам такі ўчынак». 

Я так разумею, што людзі, якія задавалі гэтыя пытанні... Сама гісторыя ўсё расставіла па сваіх месцах, што беларуская мова мае велізарнае значэнне для людзей, якія жывуць у Беларусі, а таксама для тых, хто з’ехаў. Яна для іх родная, гэта падмурак, на якім трымаецца нацыя.

Гэта маё меркаванне. Нават тыя людзі, якія размаўляюць па-руску, яны павінны ўспрымаць гэта як неабходнае і спрыяць развіццю беларускай мовы, – сказаў Макарэвіч.

Валерый Макарэвіч у 2020-м годзе падпісаў адкрыты ліст спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту сілавікоў. Пасля гэтага Макарэвіча і яшчэ 5 гульцоў, якія падпісалі ліст, выключылі са складу зборнай Беларусі па пляжным футболе.