Все новости

Трэнер брамнікаў «Крумкачоў» Макарэвіч пра рэакцыю калег на беларускамоўнасць: «Большасць займала такую пазіцыю: маўляў, разумею важнасць беларускай мовы, але няма часу на пераход, а можа, і жадання»

15 июня 2022, 16:56

Трэнер брамнікаў «Крумкачоў», які нядаўна далучыўся за польскага клуба па пляжным футболе «Згода», расказаў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир», як разумелі яго беларускамоўнасць калегі-спартоўцы.

 - А ці разумелі вашу беларускамоўнасць калегі-спартоўцы?

 – У спартыўным асяродзі было шмат падтрымкі, але гэта не справа аднаго дня і не ўсе хацелі прыкладаць намаганні, каб мяне зразумець. Большасць займала такую пазіцыю: маўляў, я разумею важнасць беларускай мовы, але няма часу на пераход, а можа, і жадання. Шчыра кажучы, на сённяшні дзень вельмі шмат маіх знаёмых пішуць посты, лістуюцца, ўсё больш размаўляюць на роднай мове, і, самае галоўнае, натхняюць усіх навокал.

 - Ці змянілася да вас стаўленне ў вашым атачэнні з пераходам на беларускую мову?

 – Стаўленне асабліва не не змянілася. Нехта падтрымаў, нехта пальцам пакруціў у скроні, але якая мне розніца, што думаюць іншыя? Гэта мой асабісты выбар, і чужая рэакцыя мяне не цікавіць. Кожны чалавек, які паважае сябе, павінен ведаць родную мову, гісторыю і культуру сваёй краіны, а не чужой. Ведаючы сваё ў першую чаргу, можаш і з іншымі пазнаёміцца, не пашкодзіць. А жыць толькі культурнай прасторай суседняй дзяржавы і забывацца з гадамі на сваё – гэта не мой шлях.

 - Чулі ў свой адрас негатыў за мову?

 – З негатывам асабліва не сустракаўся. Бывае, чалавек здранцвее ці збянтэжыцца, знянацку пачуўшы беларускае слова. Некаторыя проста прамаўчаць, а іншыя запытаюцца, як гэта “па-нашаму” адказаць.

Вось нядаўна гулялі з сынам у парку, а да нас падыходзіць чалавек і кажа: “Можна я вам руку пацісну за тое, як вы з сынам размаўляеце?” Мы, вядома, не адмовіліся. Новым знаёмым аказаўся вядомы беларускі пісьменнік, Уладзімір Ягоўдзік. Не маглі доўга разыйсціся. Каб не спяшаліся з Мацвеем на заняткі да лагапеда, то ноч магла бы агарнуць. Пасля спадар Уладзімір перадаў нам з жонкай і дзецям па кніжцы праз выхавацельку ў дзіцячым садку. Яшчэ не аднойчы ў крамах падыходзілі і хвалілі, як прыгожа з дзеткамі размаўляем, так што толькі станоўчыя прыклады магу вам прывесці.

- Ці ўжываеце вы зараз рускую мову ў якіх-небудзь выпадках?

 – Вядома, што ўжываю. Мне наогул няёмка, калі ўсе размаўляюць па-руску, а тут я адзін, як белая варона, вылучаюся. А калі ёсць у кампаніі некалькі суразмоўцаў, тады с задавальненнем падтрымліваю і не звяртаю ўжо ўвагі на тое, што ўсе на іншай мове размаўляюць. І яшчэ заўважаю за сабой, што мне цяжка з незнаёмымі людзьмі, калі тыя па-руску, то неяк хочацца быць з імі на адной хвалі. А калі добра знаёмыя і ведаюць мяне, то неяк не звяртаючы ўвагі на іх рускую, спакойна карыстаюся роднай.

 - Што б вы параілі чалавеку, які не можа наважыцца перайсці на беларускую мову?

 – Трэба вызначыцца, у якой культуры і ў якім асяродзі хочаш жыць. І калі абіраеш беларускасць, яна цябе сама паглыне, толькі раскрый душу і сэрца насустрач, – сказаў Макарэвіч.