Апейкін пра апошняе месца Беларусі ў еўракубкавым рэйтынгу: «Футбол – люстэрка сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прычына заняпаду – улада горшых»

Выканаўчы дырэктар Беларусскага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў знаходжанне Беларусі на апошнім радку ў еўракубкавым рэйтынгу УЕФА, пасля няўдалага выступу беларусскіх клубаў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе канферэнцый.

«Беларусь займае апошняе – 55-е – месца ў еўракубкавым рэйтынгу УЕФА.

10-мільённая краіна, з не самай благой спартыўнай інфраструктурай, з якімі-ніякімі футбольнымі традыцыямі скацілася на апошняе месца рэйтынгу. Калі б Беларусь развівалася як звычайная краіна з рыначнай эканомікай, наш футбол быў бы на ўзроўні Чэхіі, Славеніі, Нарвегіі ці Аўстрыі. Гэта пры простым стабільным развіцці, без надрыву. Футбол – гэта люстэрка сацыяльна-эканамічнага развіцця ў краіне.

Прычынай такога катастрафічнага заняпаду як краіны, так і футбола з’яўляецца неверагодна некампетэнтнае кіраўніцтва. Адміністрацыйная антыселекцыя, улада горшых.

Пры гэтым, у краіне хапае футбольных адмыслоўцаў, здольных вярнуць «Белыя Крылы» на былыя вышыні, а беларускіх заўзятараў на трыбуны. Яны проста чакаюць свайго часу. Неўзабаве час, калі 40 тысяч ізноў прыйдуць на стадыён «Дынама», каб сказаць «Жыве Беларусь» настолькі гучна, каб гэта пачулі ва ўсім свеце», – напісаў Апейкін.