Все новости

12 кастрычніка адбудзецца суд над дзіцячым трэнерам Зайкоўскім

3 октября 2022, 12:04

12 кастрычніка суд Бялыніцкага раёна разгледзіць справу кіраўніка аб’яднання па інтарэсах «Футбол», вядомага ў Беларусі дзіцячага трэнера Сяргея Зайкоўскага.

60-гадоваму трэнеру інкрымінуюць паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК РБ) і апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК РБ). Трэнеру пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Судовы працэс будзе вясці суддзя Валянціна Паўлава.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны Зайкоўскі ў чэрвені 2020 года ў Бялынічах нанёс эмаллю розныя надпісы на сцяну стадыёна ў парку «Ліпавы Гай», асфальтабетоннае пакрыццё вуліц Савецкай, Янкі Купалы, 60 гадоў Кастрычніка і Калініна, а таксама ў іншых месцах, што пацягнула прычыненне Бялыніцкаму УКП «Жылкамгас» прычыненне шкоды ў суме больш за 370 рублёў.

Таксама Зайкоўскага абвінавачваюць у тым, што ў той жа час на скрыжаванні вуліц Савецкай і Садовай у Бялынічах ён нанёс фарбай на асфальце надпіс, які змяшчаў звесткі, што зневажаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, спалучаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства.

Вядома, што падчас азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы Зайкоўскі  прызнаў сваю віну, раскаяўся ў зробленым і добраахвотна кампенсаваў прычыненую шкоду.