Все новости

Глебаў крыж

8 мая 2012, 10:48
76

Аляксандра Глеба чакае сур'ёзнае выпрабаванне. На нашых вачах разгортваецца адна з самых трагічных гісторый у сучасным беларускім футболе. Разбураецца кар’ера выбітнага гульца (можа, нават самага выбітнага з айчынных футбалістаў). Аляксандр Глеб — бадай, першая зорка маладой Беларусі. Зорка новага пакалення. Ад яго мы чакалі подзвігаў, звязвалі з ім надзеі. Але бясслаўны канец цяпер больш імаверны, чым подзвігі. Глеб блізкі да таго, каб папоўніць шэрагі людзей, якія так і не сталіся героямі, якія змарнавалі свой патэнцыял. На днях былы капітан беларускай зборнай атрымаў чарговую траўму, дзясятую за апошнія тры гады, і фактычна застаўся без клуба (правы на беларуса належаць «Барсе», але ёй Глеб не патрэбны). З-за чаго ў жыцці Аляксандра пачалася не проста чорная старонка, а чорная глава або нават том, дакладна ведае толькі ён сам. Абапірацца на розныя чуткі (быццам Глеб вельмі любіць адпачываць і г.д.) або знешні выгляд («малы, худы — як яго ўвогуле яшчэ не затапталі?») не выпадае. Але пагаджуся з тымі, хто мяркуе, што ў бліжэйшым асяроддзі футбаліста не знайшлося людзей, якія змаглі б на яго паўплываць і накіраваць у правільны бок. Што нам вядома аб прыватным жыцці Глеба? Бацькі — звычайныя працоўныя. Яны наўрад ці маглі ўплываць на сына, калі той пачаў зарабляць сур’ёзныя грошы. Гісторыя Мірных, дзе бацька зрабіўся менеджарам сына, тут не паўтарылася. Малодшы брат Аляксандра — таксама футбаліст, гулец зборнай Беларусі. Але ад яго парады не дачакаешся. Вячаслава самога трэба ратаваць ад памылак, якія ён так любіць рабіць. Жонка Насця Касянкова — былая салістка гурта «Топлесс». Некаторыя зазначаюць, што менавіта ў хуткім часе пасля вяселля (у 2008 годзе) у кар’еры Глеба пачаліся непрыемнасці. Але Аляксандр нічога кепскага пра сваю выбранніцу не казаў. Таму і тэмы для гаворкі тут няма. Лепш давайце звернем увагу на фігуру, якая больш навідавоку. Я маю на ўвазе агента Аляксандра Глеба. Мікалай Шпілеўскі пазіцыянуе сябе не толькі як павераны Глеба ў справах, але і як ягоны сябра. І вось хочацца спытаць: чым жа Шпілеўскі дапамог сябру Алексу ў апошнія гады? Усе неабдуманыя крокі, якія толькі можна, Глеб зрабіў. Пераход у «Барселону» – яго яшчэ можна разглядаць як спробу ажыццявіць мару. Глеб у 2008 годзе апынуўся ў найлепшай камандзе свету. Гэта ж цудоўна! Але потым пачалася вакханалія, якая цягнецца дагэтуль. Глеб сварыцца з Гвардыёлам. Канфлікт цягнецца не тыдзень і не два. Дзе быў Шпілеўскі з парадай Алексу прыкусіць язык? Было відавочна, хто пераможа ў спрэчцы. Калі парада і была, Глеб да яе не прыслухаўся. Шпілеўскі дапамог Глебу ўляпацца ў «Бірмінгем». Гэтая каманда прытрымліваецца жудасна прымітыўнай тактыкі. Не такой, да якой прывык Глеб у «Арсенале» і «Барсе». Аб прымітывізме «Бірмінгема», здаецца, ведалі ўсе, акрамя Алекса і яго агента. Гэтак футбольны прафесар напярэдадні мінулага сезона апынуўся ў камандзе пэтэвэшнікаў, хаця былі і іншыя варыянты працягу кар’еры — партугальская «Бенфіка», напрыклад, якая дэманструе вельмі інтэлігентны футбол. Апынуўся на фоне размоваў Шпілеўскага, што ў Глеба вельмі сур’ёзны кантракт (вядома, гэта ж самае важнае) і што знайшоўся клуб, які змог яго пацягнуць. «Бірмінгем», напэўна, у поўнай меры ацаніў кантракт беларуса, калі падлічваў страты пасля вылету з прэм’ер-лігі, а вось самога Глеба ў клубе так і не ацанілі. Дый не маглі ацаніць. Цяпер, постфактум, можна казаць яшчэ пра адну недапрацоўку Шпілеўскага. Ён не адгаварыў далікатнага, як крышталь, Аляксандра ад пераходу ў «Вольфсбург» да Фэлікса Магата. Гэты трэнер-капрал можа заганяць нават самага здаровага футбаліста. Што тут казаць пра Глеба, які толькі паспявае ў апошнія гады залечваць траўмы. Так і атрымалася. Алекс не вытрымаў нагрузак і сышоў з каманды. Мікалай Шпілеўскі — таленавіты футбольны агент. Ва ўменні прадаваць сваіх футбалістаў яму не адмовіш. Але апошнім часам у менеджара назбіралася некалькі неадназначных трансфераў (з плюсаў зазначым толькі пераезд Антона Пуцілы ў «Фрайбург»). Акрамя Глеба няўдала змяніў клуб галкіпер зборнай Беларусі Антон Амельчанка. У «Растове» ён быў першым нумарам, адным з найлепшых маладых гульцоў расійскай прэм’ер-лігі. А ў маскоўскім «Лакаматыве», хоць і з павышэннем з/п, Антон аблюбаваў лаўку запасных. Клуб быццам нават хоча адмовіцца ад паслуг брамніка. Не ў лепшай сітуацыі аказаўся яшчэ адзін падапечны Шпілеўскага — Ігар Шытаў. Лідар БАТЭ амаль не гуляе за маскоўскае «Дынама». Характэрна, што ва ўсіх выпадках — Глеба, Шытава і Амельчанкі — ёсць штосьці агульнае: змяніўшы клуб, футбалісты дасягнулі фінансавых мэтаў, але іх развіццё застопарылася. Хаця глупствам было б вінаваціць у тым, што адбываецца з Глебам, толькі агента і яго асяроддзе. Гэта відавочна. Найбольш папулярнае сёння пытанне: што будзе рабіць Аляксандр далей? Шмат хто раіць Алексу завяршыць кар’еру. Каб не мучаць ні сябе, ні трэнераў, ні заўзятараў. Маўляў, траўмы змусілі. Тым больш, мы насамрэч не ведаем, што ў Глеба са здароўем. Можа, арганізм проста выпрацаваў свой рэсурс. Сашу заўжды білі па нагах, але сур’ёзна ламацца ён пачаў толькі пару гадоў таму. На банкаўскіх рахунках Глеба ляжыць не адзін мільён долараў. Гэтых грошай хопіць нават унукам. Навошта рызыкаваць? Завяршыўшы кар’еру, Глеб парадуе нядобразычліўцаў (а ёсць у Беларусі і такія дзіўныя персанажы), а таксама прызнае паразу ў барацьбе з лёсам. Але мне хацелася б убачыць іншы варыянт (порканне Глеба па сераднячках, яго пакуты дзеля заробку таксама штука не вельмі цікавая). Я хачу, каб Аляксандр абраў шлях Рокі Бальбоа. Памятаеце, як кіношны баксёр у выкананні Сталонэ рыхтуецца да вырашальных паядынкаў? Бегае, скача, падцягваецца, адціскаецца, малоціць грушу, спарынгуе — працуе на знос. Каб пасля перамагчы. У Алекса на носе таксама вырашальны паядынак. Бой за сваё імя. І так ужо шмат хто сумняваецца, што ёсць такая зорка, як Аляксандр Глеб. Яшчэ адна няўдача, і Глеб будзе проста футбалістам з вельмі простым кантрактам. Прозвішча яго будзе выкарыстоўвацца як хадзячая назва. Яно будзе сімвалам крохкасці і растрачанага таленту. Перад паядынкам Аляксандр павінен атрымаць адказы на простыя пытанні. Ці можа ён гуляць у футбол паводле медыцынскіх паказнікаў? І ці хоча працягваць бегаць па полі ў майцы і шортах? Калі хоча і можа, тады ў шлях, да працы, як Рокі. Праўда, ёсць адна закавыка. Глеб даўно не працаваў, як Рокі. Апошні раз аб працагалізме Алекса даводзілася чуць, калі ён быў яшчэ ў «Штутгарце», дзе і зрабіў сабе імя. А вось потым часцей гаварылі пра іншае. Але ж, бывае, людзі з часам змяняюцца і ў лепшы бок. Спадзяюся, Глеб прыме бой і пераможа. *гэты тэкст напісаны спецыяльна для 34mag.net.

Глеб сварыцца з Гвардыёлам. Дзе быў Шпілеўскі з парадай Алексу прыкусіць язык?

Шмат хто раіць Алексу завяршыць кар’еру. Каб не мучаць ні сябе, ні трэнераў, ні заўзятараў.

Показать еще 76