Все новости

Віталь Радзівонаў: «Мне здаецца, нашым кіраўнікам варта ўжо задумвацца, якія крокі рабіць, каб родная мова ўваходзіла ў жыццё грамадзян»

14 июня 2013, 08:07
156

Нападаючы БАТЭ Віталь Радзівонаў падзяліўся меркаваннем аб ролі беларускай мовы ў жыцці нашай краіны.— Ці шмат вы ведаеце неабыякавых спартсменаў, якія клапоцяцца пра мову?— У спартовым асяродку часта сустракаю погляды ў падтрымку роднага слова. Не толькі сярод футбалістаў. Калі ўдаецца пабачыцца на нейкіх мерапрыемствах з вядучымі спартсменамі, то чую такія меркаванні. З Сашай Герасіменяй, напрыклад, мы перасякаліся на акцыях і мерапрыемствах. Гэта абсалютна нармальная пазіцыя грамадзяніна сваёй краіны. Тут няма чаго абмяркоўваць. Ёсць такія людзі і ў нашай камандзе.— У БАТЭ вас называюць Прафесарам. Цікава, якая ў вас адукацыя?— Скончыў універсітэт фізічнай культуры. А ў гэтым годзе атрымаў дыплом эканамічнага ўніверсітэта. Тут, дарэчы, навучаліся Аляксандра Герасіменя, Даша Домрачава.— Ці вучылі вы ў школе беларускую мову? Бо часта здараецца так, што людзі ў дзіцячым узросце не надаюць гэтаму пытанню ўвагі. А ў сталым — пачынаюць разумець актуальнасць.—  Я быў такім самым хлопцам. Ну, малады, адным словам. Натуральна, я нешта чытаў — вершы, творы. Заклаў у школьныя гады пэўную базу. Але, што тут казаць, у паўсядзённым жыцці мова сустракаецца не так часта. Яна існуе на дадзены момант, каб моладзь не забывалася на свае карані. Сітуацыя склалася з-за таго, што беларуская мова мала сустракаецца на дадзены момант у паўсядзённым жыцці, на тэлебачанні. Таму ў мяне вельмі моцная ўнутраная павага да людзей, якія сёння размаўляюць па-беларуску. Мне здаецца, што ў нас такіх людзей робіцца больш.—  Тэкст для роліка вам пераклаў Лявон Вольскі. Ці падабаецца вам нехта з беларускіх музыкаў, якія займаюцца раскруткай мовы?—  Ёсць нашы «Песняры» — легендарны гурт. Ёсць «Беларускія песняры», яны ў 2011 годзе выступалі ў нас на ўганараванні каманды. Не магу сказаць, што я фанат нейкіх пэўных музычных стыляў. Але новую беларускамоўную музыку, якую чую па радыё, мне слухаць цікава, нават вельмі. Ведаю Лявона таго ж, «Ляпісаў».— Калі БАТЭ пачало гуляць у Лізе чэмпіёнаў, Віктар Ганчарэнка заклікаў заўзятараў быць больш культурнымі. Здзіўляла сітуацыя, калі многія беларусы прыходзілі на стадыён найперш паглядзець на «Ювентус» і «Рэал». Выказваюцца думкі, што ў першую чаргу беларуская мова магла б дапамагчы выхаваць нашых заўзятараў больш патрыятычнымі і культурнымі. Ці згодны вы з гэтым?— Зразумела, мне здаецца, у гэтым кірунку варта рухацца нашаму спорту, гэта адназначна. Адзінае, натуральна, не ўсё адразу. Не праз год ці два беларуская мова ўвойдзе ва ўжытак па ўсіх сферах. Павінна прайсці шмат часу, і неабходна рабіць крокі, каб родная мова ўваходзіла ў жыццё грамадзян. А спорт можа стаць адной з пляцовак для рэкламы мовы. Карацей, футбол павінен у гэтым пытанні дапамагчы. Мне здаецца, нашым кіраўнікам варта ўжо задумвацца, якія крокі рабіць. Гэта было б цудоўна, — прыводзіць словы Радзівонава «Еўрарадыё».

Показать еще 156