Беларускі трэнер зборнай Аўстраліі Ваткін: «Пра пенсію не думаю. На гэтыя 800 долараў у тыдзень, па ідэі, можна жыць і не памерці з голаду. Але я ўсё-такі прывык да іншых даходаў»

Беларус Уладзімір Ваткін, які з’яўляецца трэнерам зборнай Аўстраліі па спартыўнай гімнастыцы, распавяў аб сваім жыцці і трэнерскай кар’еры. 

- Ваш выхаванец Тайсан Бул стаў пятым у фінале на перакладзіне [на Алімпійскіх гульнях у Токіа].

– Гэта найлепшае дасягненне аўстралійскіх гімнастаў за ўвесь час іх удзелу ў Алімпіядах.

- Якую падзяку ад краіны атрымалі?

– Трэнеру падзякі не асабліва дасталося, проста захавалася пазіцыя, на якой працую. Я трэнер Нацыянальнага цэнтра спорту ў Канберы і зборнай краіны. Заробак мне плаціць Федэрацыя гімнастыкі. Кантракт працягваецца кожны год, але ён не залежыць наўпрост ад выніку, хутчэй ад палітыкі ў федэрацыі — ці ёсць у яе грошы, ці іх не так шмат, як бы хацелася. Але калі твой вучань у «васьмёрцы» на чэмпіянаце свету ці Алімпіядзе, то падстаў турбавацца за бліжэйшую будучыню няма.

Страху страціць працу ў мяне няма. Але для таго, каб жыць нармальна, трэба працаваць даволі інтэнсіўна. Пенсія — рэч даволі адносная. Дзяржаўную пенсію мне могуць і не даць, таму што яе налічваюць досыць бедным людзям. А мой узровень даходаў – гэта сярэдні клас. Скажам, калі ў цябе ёсць пару дамоў, то пенсію могуць і не налічыць. Ці даць у меншым аб’ёме.

Мне да 67,5 гадоў трэба яшчэ чакаць пяць з паловай. Але я пра пенсію не думаю. На гэтыя 800 долараў у тыдзень, па ідэі, можна жыць і не памерці з голаду. Але я ўсё-такі прывык да іншых даходаў. І сёння магу купіць амаль усё, што захачу. Хачу, каб так было і праз дзесяць гадоў, так што планую працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

- Які памер сярэдняй зарплаты ў краіне?

– Калі я прыехаў, яна была 36 тысяч долараў у год. Цяпер нашмат вышэй. Дачка знаёмых у банку атрымлівае зарплату больш, чым я, хоць я самы высокааплатны трэнер па спартыўнай гімнастыцы ў краіне. Але ўладальнік гімнастычнага клуба атрымлівае больш. Усё адносна.

Уласнікам клуба быць хоць і рызыкоўна, але выгадна. Гадоў праз дваццаць ўпартай працы можна пачынаць спачываць на лаўрах. Ва ўсялякім разе, у Амерыцы ўсё менавіта так. А ў Аўстраліі тэрмін, напэўна, будзе ўсё ж больш працяглы, – сказаў Ваткін.

Найлепшым вучнем Ваткіна быў двухразовы абсалютны чэмпіён свету па спартыўнай гімнастыцы Іван Іванкоў.

Источник: Новы Час
Популярные комментарии
Написать комментарий
Реклама 18+