Все новости

Аляксандр Апейкін: «Пасля Калядаў у складзе «Віцязя» на пляцоўку могуць выйсці 7–8 новых гульцоў»

14 декабря 2017, 11:54

Дырэктар «Віцязя» Аляксандр Апейкін пасля паражэння ад СКА (52 — 20) пракаментаваў сітуацыю ў клубе.

- Напрыканцы года мы трапілі ў становішча, калі з-за траўм і розных абставін не можам разлічваць на шэраг вядучых гульцоў. Сур’ёзнай глыбіні склада ў нас не было ад самага пачатку сезона. Лічу сваёй асабістай памылкай, што ў міжсезонне не звярнулі належнай увагі на маладых гульцой, выпускнікоў мінскага РЦАР па гандболе і рэгіянальных ДЮСШ.

У сярэдзіне восені мы ўжо прадчувалі праблемы, таму пачалі займацца фарсіраванай падрыхтоўкай клубных навабранцаў. Пасля Калядаў у складзе «Віцязя» на пляцоўку могуць выйсці 7–8 новых гульцоў, большасці з якіх толькі 18–19 гадоў. Гэта смелы крок на будучыню. Наперадзе яшчэ амаль 20 якасных гульняў чэмпіяната і Кубка Беларусі, і мы маем час для «абкаткі» моладзі з прыцэлам на бліжэйшыя сезон. Пакуль у нас ёсць такія моцныя і вопытныя лідэры як Глеб Ваявода, Іван Юркевіч, Дзмітры Бабічаў, Ягор Лях, мы маем магчымасць пабудаваць каманду іншага ўзроўню.

Сёння было цяжка, але і ў такім складзе змаглі забросіць 20 мячэй, што ня так ужо і дрэнна. Добра, што не атрымалі пашкоджанні, бо ўжо ў суботу гуляем з прамым канкурэнтам — «Кронанам». І ў гэтай гульні плануем паўнавартасна пазмагацца.

Таксама станоўчым момантам сёння лічу тое, што трэнер пачаў давяраць маладым гульцам. Усё больш часу на пляцоўцы праводзіць Аляксей Мандрык, які мае добрыя фізічныя кандыцыі і набіраецца вопыту. Вельмі важны момант, што трэнер даў шанец маладому галкіперу Счастнаму, каб той адчуў пляцоўку, адчуў кідкі, паглядзеў на свой узровень. Новы галкіпер — гэта перш за ўсё пытанне даверу з боку ўсёй каманды. Валянціну толькі 17 гадоў, але сення ён здолеў зрабіць пару сэйваў. Для яго гэта вельмі важны вопыт. Счастны прадстаўляе менавіта ту самую «новую хвалю» гульцоў, якія ўжо ў актыўным спісе Аляксандра Жыркевіча.