Наталля Петракова: «Усе супраць гвалту. Сядзелі б побач з намі — той жа Барбашынскі або Рутэнка — і казалі б, маўляў, рабяты, ну зразумела, што ўсё гэта хранова; але ж і вы зразумейце, у мяне сям’я, бізнес…»

Экс-старэйшы трэнер зборнай Беларусі Наталля Петракова падзялілася меркаваннем пра беларускіх мужчын.

— Напэўна, у беларускім чэмпіянаце прыстойна плацяць.

— Аб заробках цяжка казаць, але, думаю, што 1500 долараў у лепшых галкіпераў набягае. Але ў Венгрыі было б 2500 мінімум. Ну чым не стымул?

— Эх, перавяліся ў нас мужы-альфонсы — абавязковы спадарожнік усіх жаночых каманд былога СССР. Ужо яны б змаглі ўгаварыць сваю другую палову зрабіць гэты рашучы крок наперад.

— Гэта так, павіс бы на шыі і ўгаварыў — арыфметыка ж простая. Але дзе яны цяпер? (Усміхаецца). Пахаваліся, напэўна, як і ўсе астатнія, за жаночымі спінамі. Чакаюць пераменаў.

— Чую ў тваіх словах папрок усім беларускім мужчынам.

— Нядаўна пракаментавала адзін пост у «Фэйсбуку» пра тое, што Саша Герасіменя дамаглася адмены чэмпіянату свету па хакеі. Так, дзяўчына ўзялася рабіць глабальную працу мужчын, якія памылі рукі. Напісала: «Паважаныя мужчыны, адпраўце нас усіх на адпачынак, у СПА, ды нават у вёску — і зрабіце хоць што-небудзь самі». Адказу, дарэчы, не атрымала. Толькі некалькі жаночых лайкаў. Хоць, вядома, калі Данія не хоча ехаць да нас на хакейны чэмпіянат, то Саша тут ні пры чым. Проста яны не хочуць гуляць на Акрэсціна.

— А мне здаецца, што спартсменам збольшага ўсё роўна.

— Усё не так. Я ўспамінаю датчан — тых жа гандбалістаў, дык яны заўсёды чуйна рэагавалі на ўсякія штукі, якія адбываюцца ў свеце. У іх няма такога, што мы праціснемся дзе-небудзь у чырвоным калідорчыку, а на ўсё астатняе нам напляваць.

— У нашых спартсменаў такія якасці ў дэфіцыце. Славутыя чэмпіёны ўзначалілі хіт-парад падпісантаў праўладнага ліста.

— Мяне гэта ніколькі не здзівіла. Людзі атрымліваюць пэўныя прэферэнцыі і задаволеныя тым, што ёсць. Хоць, на мой погляд, ніякія грошы не каштуюць хоць бы аднаго збітага чалавека. Зноў жа, усе супраць гвалту, і нават тыя, хто падпісаўся пад другім лістом, думаюць на гэты конт адназначна. Вось яны цяпер сядзелі б побач з намі — той жа Барбашынскі або Рутэнка — і казалі б, маўляў, рабяты, ну зразумела, што ўсё гэта хранова; але ж і вы зразумейце, у мяне сям’я, бізнес… – сказала Петракова.

Реклама 18+