Апейкін пра вынікі канферэнцыі дэмсіл Беларусі: «Нарэшце ў беларусаў можа з’явіцца сапраўдная надзея на змены»

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксанд Апейкін пракаментаваў вынікі канферэнцыі аб’яднаных дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», у межах якой 8 і 9 жніўня ў Вільні прайшлі дыскусіі пры ўдзеле штаба Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, BYPOL, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, а таксама палітыкаў, грамадзянскіх ініцыятыў, бізнэсаў, аналітыкаў і незалежных экспертаў.

Нагадаем, што падчас мерапрыемства быў створаны Аб’яднаны пераходны кабінет з мэтай дэакупацыі Беларусi і правядзення свабодных выбараў. 

«Калі пачаўся другі дзень канферэнцыі ў Вільні, мне ўжо падалося, што надыйшоў час «ствараць суполкі па тры чалавекі». Але канцоўка надала аптымізму.

Я не хачу аналізаваць сам змест канферэнцыі, але ў мяне ўсё ж такі засталося пытанне: адкуль такі выбар вядоўцаў? Ёсць жа выдатныя і дасведчаныя журналісты, якія б з густам падыйшлі да мадэрацыі і адназначна дадалі б якасці дыскусіям: Юрый Дракахруст, Ганна Соўсь, Паўлюк Быкоўскі.

Фігура Валерыя Сцяпанавіча Сахашчыка (прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце – заўв. Tribuna.com) мне добра знаёмая. Выбітны чалавек. У кааперацыі з іншымі калегамі па пераходнаму кабінету могуць быць дасягнуты сур’ёзныя вынікі. Нарэшце ў беларусаў можа з’явіцца сапраўдная надзея на змены. Але гэта яшчэ не азначае, што не трэба ствараць суполкі па тры чалавекі», – напісаў Апейкін у сваім Telegram-канале.