Все новости

Топ-менеджарка «Мяшкова» Сямёнава пакінула гандбольны клуб і з’ехала за мяжу

1 ноября 2022, 20:40

Намеснiца дырэктара па маркетынгу i камунiкацыях ГК «Мяшкоў» Лідзія Сямёнава звольнілася і зʼехала жыць у Іспанію.

Навіна аб тым, што Сямёнава больш не працуе ў Берасці, не зʼявілася ні на сайце клубу, ні ў сацыяльных сетках, але яе фота з раздзелу «кіраўніцтва» ўжо выдалілі.

«Дзякуючы працы Сямёнавай хакейнае «Дынама» і гандбольны БГК сталі брэндамі, а арганізацыя матчаў выйшла на самы высокі ўзровень. У тых умовах, у якіх сёння апынуўся беларускі спорт, ніякае развіццё немагчыма. Шмат у чым таму людзі з’язджаюць з Беларусі»,– распавёў спартовы журналіст, які застаецца ў Беларусі.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіну беларускі гандбол у пары з расейскім быў «забанены», каманды і клубы гэтых краінаў не могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Гэтак, БГК быў выключаны з Лігі чэмпіёнаў, а каманду пакінулі ўсе гульцы і трэнер з еўрапейскімі пашпартамі. Іх замянілі гульцы з Расеі.

Цяпер «Мяшкоў» можа гуляць толькі з беларускімі, расейскімі ды кітайскімі клубамі. 

Паводле інфармацыі «Белсату», спартовы дырэктар Павел Башкін, які цяпер перабывае ў Іспаніі, блізкі да таго, каб развітацца з клубам.