Украінскі самбіст Савінаў: «Спартоўцы і кіраўніцтва самба Расii падтрымліваюць вайну. Я супраць допуску да спаборніцтваў тых, хто жадае смерці іншым»

Шасціразовы чэмпіён свету па самба Віктар Савінаў, які падпісаў Антываенную дэкларацыю спартсменаў Беларускага фонда спартовай салідарнасці, пракаментаваў допуск расійскiх самбiстаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Маёй сям’і прыйшлося дзесяць дзён праседзець у падвале, ратуючыся ад абстрэлаў. Я бачыў, як гінуць мірныя людзі, дзеці, жанчыны. Я бачыў, як разбураюцца дамы, школы, цэрквы. Адчуваючы небяспеку, я змушаны быў перавезці сваіх траіх дзяцей з жонкай у бяспечнае месца, а сам вырашыў стаць на абарону сваёй краіны.

Я бачу, як спартоўцы Расіі, а таксама кіраўніцтва федэрацыі самба дэманстратыўна выказваюцца і падтрымліваюць дзеянні кіраўнікоў сваёй краіны ў вайне Расіі супраць Украіны. Я лічу гэта цынічным і пазбаўленым усялякага здаровага сэнсу. І я выступаю супраць таго, каб да ўдзелу ў спаборніцтвах дапускалі тых, хто шчыра жадае смерці іншым людзям, падтрымлівае генацыд і акупацыю. І я пагарджаю тымі самбістамі, якія маўчаць і падтрымліваюць вайну. Я лічу, што ў іх ёсць адзіны шанец не зваліцца ў вачах сусветнай спартовай супольнасці — гэта пачаць гаварыць!

Я падпісаў Антываенную дэкларацыю спартсменаў у сувязі са злачыннымі дзеяннямі кіраўніцтва і ваенных сіл Расійскай Федэрацыі. 24 лютага 2022 года да мяне ў дом, у маю родную краіну Украіну, у мой любімы, мірны горад Харкаў прыйшла з вайной краіна, якую ўкраінцы лічылі брацкім народам. Жыццё падзялілася на «да» і «пасля», – сказаў Савінаў.