Все новости

Дзмітрый Шэршань: «Магчыма, праз падтрымку беларускага рэжыму сілавікамі і пачалася вайна ва Ўкраіне»

17 июля 2022, 13:13

Беларускі дзюдаіст-алімпіец Дзмітрый Шэршань падзяліўся думкамі наконт уплыву сітуацыі ў Беларусі на вайну ва Ўкраіне.

«Тое, што рэжым застаўся ва ўладзе – гэта ў першую чаргу заслуга сілавікоў, магчыма, і праз гэта пачалася вайна. Есць тэорыя, што калі б пратэстоўцы перамаглі ў 2020-м, расійскія войскі былі б на нашай тэрыторыі, але ж гэта толькі тэорыя. Лічу, што калі б у Беларусі былі іншыя людзі ва ўладзе, ніхто б не надаў тэрыторыю для нападу на Украіну, можа, і вайны тады не было б.

Ідзе вайна ў цэнтры Еўропы, і наша краіна ўжо ўцягнутая ў гэты канфлікт. Есць разуменне, што Лукашэнка нічога не вырашае, і можа здарыцца нейкі крытычны момант для краіны, калі яна будзе больш актыўна прымаць удзел у гэтай вайне. Для шматлікіх маладых, ды і не надта маладых людзей гэта вельмі рэальная перспектыва. Тут трэба кіравацца не ўзвышанымі словамі, а проста падумаць пра свае жыцце і здароўе.

Есць людзі, якім зараз нашмат больш цяжка, чым нам. Есць тыя, хто зараз гіне, каго забіваюць ва ўласных дамах, і зараз не час шкадаваць сябе. Самы цемны час – перад світанкам, і гэта не нейкая сляпая вера ў лепшае. Проста супастаўляеш факты і робіш высновы. Гляджу на гісторыю – а яна цыклічная – і бачу, што гэта ўсе ўжо было і скончылася, і зараз таксама скончыцца. Мы праходзілі гэта яшчэ на прыкладзе Савецкага Саюза, бачылі ўсе гэтыя наратывы ў духу «супраць нас увесь свет», але ж усе змянілася, і зараз усе зменіцца», – распавеў Шэршань.